Мадура: з Вэнэсуэлы ў Беларусь пачнуць лётаць самалёты

Ілюстрацыйнае фота. Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура (зьлева) і Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў Менску ў 2021 годзе

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура абʼявіў аб падпісаньні пагадненьня паміж Беларусьсю і Вэнэсуэлай аб прамых авіязносінах.

«Мы падпісалі пагадненьне ў галіне паветранага транспарту, аб зносінах паміж Беларусьсю і Вэнэсуэлай. У Беларусі праз Вэнэсуэлу ўсталююцца авіязносіны з Паўднёвай Амэрыкай, з Лацінскай Амэрыкай і Карыбамі, а Вэнэсуэла празь Беларусь атрымае зносіны са сьветам і Эўропай», — сказаў Мадура падчас паседжаньня Зьмешанай камісіі высокага ўзроўню Беларусь-Вэнэсуэла, піша ТАСС са спасылкай на тэлеканал Venezolana de Televisión.

Падрабязнасьцяў пагадненьня Мадура не раскрыў, але выказаў надзею, што ўстанаўленьне авіязносінаў паспрыяе павелічэньню плыні турыстаў у Вэнэсуэлу.

Акрамя таго, у ходзе пасяджэньня былі падпісаныя дакумэнты аб супрацоўніцтве ў галіне вытворчасьці прадуктаў харчаваньня, гандлю, нафтахіміі і аднаўленьня працы завода па вытворчасьці грузавікоў і сельскагаспадарчых машын.

«Лукашэнка і Беларусь могуць разьлічваць на поўную падтрымку і салідарнасьць Баліварыянскай Рэспублікі», — заявіў Мадура.

Цяпер у Вэнэсуэле зь візытам знаходзіцца «спэцпасланьнік Лукашэнкі» Віктар Шэйман.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Захоўвайце адзінства». 10 урокаў Вэнэсуэлы для беларускай апазыцыі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чым падобныя і чым адрозныя Беларусь і Вэнэсуэла?