Сьвятлана Ціханоўская перад прысудам Сяргею Ціханоўскаму: «Засталося вырашыць, што кожны гатовы зрабіць, каб хутчэй ажыцьцяваць нашу мару»

Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Мікалай Статкевіч, Уладзімер Цыгановіч, Арцём Сакаў, Дзьмітры Папоў

Палітык выказалася перад будучым прысудам свайму мужу, які ўжо паўтара года правёў за кратамі.

Прадпрымальніка і блогера Сяргея Ціханоўскага затрымалі ў траўні 2020 году. З таго часу ён знаходзіцца за кратамі. Яго і групу палітвязьняў судзяць закрытым судом на тэрыторыі СІЗА-3 у Гомлі.

«Я запісваю гэтае відэа да абвяшчэньня так званага „прысуду“ Сяргею. Я ўяўляю, якая там будзе лічба, і вельмі складана будзе псыхалягічна яе прыняць. Але, з другога боку, год, дваццаць, сто гадоў — гэта ненармальна. Гэта незаконна і гэта ня тое, з чым можна мірыцца. Таму, камэнтуючы ягоны так званы „прысуд“, я буду задаваць сабе толькі адно пытаньне: што я буду рабіць з гэтай навіной?

А я буду працягваць бараніць чалавека, якога люблю і які стаў лідэрам для мільёнаў беларусаў. Я буду спрабаваць рабіць нешта вельмі складанае; магчыма, немагчымае, каб наблізіць той момант, калі мы зь ім убачымся ў новай Беларусі. Я буду працягваць дасылаць яму паштоўкі і малюнкі дзяцей, каб, калі мы сустрэнемся, зрабіць з гэтага памятны альбом.

І ўсё, што я раблю, я раблю дзеля гэтага моманту. Такі пэрсанальны момант ёсьць у кожнага чалавека. Засталося вырашыць, што кожны гатовы зрабіць, каб хутчэй ажыцьцявіць нашу мару».

14 сьнежня ў 14:00 на тэрыторыі СІЗА-3 Гомля абвесьцяць прысуд у справе журналіста Свабоды Ігара Лосіка, а таксама палітыкаў Міколы Статкевіча і Сяргея Ціханоўскага, блогера Ўладзімера Цыгановіча і ўдзельнікаў каманды Сьвятланы Ціханоўскай на выбарах 2020 году Арцёма Сакава і Дзьмітрыя Папова. Суд зь невялікімі перапынкамі ішоў 173 дні. Сьледзтва — больш за год.

Нягледзячы на тое, што палітвязьняў аб’ядналі ў адну групу, многія зь іх не былі знаёмыя асабіста ці ведалі адзін аднаго мала.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​«Ад прысуду я не чакаю нічога добрага». Галоўнае аб працэсе ў справе Лосіка, Ціханоўскага, Статкевіча і іншых
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бацькі Ігара Лосіка ў інтэрвію Свабодзе: «Можна даць і 100 гадоў турмы». ВІДЭА