Адміністрацыя прэзыдэнта Літвы прапаноўвала не прымяняць у Эўропе санкцыі для беларускіх угнаеньняў

Вільня, від на гару Гедзіміна.

У сярэдзіне чэрвеня адміністрацыя прэзыдэнта Літвы займала пазыцыю, паводле якой Эўразьвязу ня варта ўводзіць санкцыі ў дачыненьні да беларускіх угнаеньняў.

Пра гэта сьведчыць апублікаваная ў панядзелак парталам Delfi перапіска паміж прэзыдэнцкім офісам і Міністэрствам замежных спраў.

«З санкцыямі ў дачыненьні да Беларускай АЭС сытуацыя вельмі дрэнная, таму што спазьніліся з працэдурамі. Але ў выпадку з угнаеньнямі мы спачатку атрымаем страты для нашага бізнэсу, а потым расейцы зоймуць беларускае прадпрыемства. Паспрабуем абараніць інтарэсы ЛТ! (...)», — гаворыцца ў цытаванай перапісцы кіраўніка групы дарадцаў прэзыдэнта ў зьнешняй палітыцы Асты Скайсгірыце.

«Мы не імкнёмся блякаваць усе сэктаральныя санкцыі, мы хочам, каб толькі ўгнаеньні былі па-за імі, БелАЭС была ў сьпісе», — цытуецца перапіска асобы пад імем Скірманце. Паводле дадзеных Delfi, верагодна, што гэта дарадца з групы прэзыдэнта па зьнешняй палітыцы — Скірманце Страйгене.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства транспарту Літвы падрыхтавала законапраект аб забароне транзыту зь Беларусі

Празь некалькі дзён пасьля гэтай перапіскі дарадца прэзыдэнта Дарус Куляшус публічна заявіў, што лідэр краіны Гітанас Наўседа падтрымае пагадненьне ЭЗ аб сэктаральных санкцыях у дачыненьні да Беларусі, незалежна ад таго, распаўсюджваецца яно на экспарт угнаеньняў ці не.

У адказе, адпраўленым Delfi, адміністрацыя прэзыдэнта падкрэсьліла, што фрагмэнты ўнутранай працоўнай перапіскі не адлюстроўваюць канчатковай агульнай пазыцыі, узгодненай з урадам. У МЗС інфармацыю не камэнтуюць.

Перапіска вялася падчас прыняцьця Эўразьвязам рашэньня аб забароне імпарту нафтапрадуктаў і калійных угнаеньняў зь Беларусі. ЭЗ у выніку вырашыў увесьці санкцыі ў дачыненьні да некаторых прадуктаў, але не ў дачыненьні да дзеючых дамоваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар транспарту Літвы падаў у адстаўку праз скандал зь «Беларуськаліем» сьледам за кіраўніком МЗС

Калі 8 сьнежня 2021 году набылі моц санкцыі ЗША ў дачыненьні да «Беларуськалію», транзыт угнаеньняў празь Літву не спыніўся, бо ў лістападзе кампанія ўнесла перадаплату Літоўскай чыгунцы за транспартаваньне.

Урад Літвы заявіў, што мае намер скасаваць пагадненьне паміж Літоўскай чыгункай і «Беларуськаліем» пасьля ўступленьня санкцый у сілу, хоць заяўляе, што санкцыі ЗША не распаўсюджваюцца наўпрост на транзыт угнаеньняў у Літве.

У сувязі з сытуацыяй, якая склалася, міністры замежных спраў і транспарту Габрыелюс Ландсбергіс і Марус Скуодзіс напісалі заявы аб адстаўцы, матывуючы гэта нанясеньнем Літве рэпутацыйнай шкоды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Літвы заявіў пра магчымую адстаўку ў сувязі са скандалам вакол транзыту «Беларуськалію»