СК паведаміў, што затрымаў групу, якая пашкодзіла машыну барысаўскага судзьдзі

Ілюстрацыйнае фота, 2020 год. Аўтамабіль жонкі міліцыянта, які пашкодзілі пяць мужчын

Гэта трое раней не судзімых менчукоў 32, 36 і 43 гадоў. Нібыта ў сакавіку сёлета яны ў Барысаве парэзалі колы і аблілі фарбай аўтамабіль судзьдзі.

Паводле СК, яны аб'ядналіся ў тэлеграм-чаце, які зьяўляецца структурным падразьдзяленьнем ініцыятывы «Буслы ляцяць», што ўваходзіць у нефармальную арганізацыю «Супраціў», прызнаную ў Беларусі тэрарыстычнай. «Іх мэтай быў гвалт у дачыненьні да праваахоўнікаў і службовых асобаў, а таксама пашкоджаньне іх маёмасьці ў сувязі з выкананьнем імі сваіх службовых абавязкаў», — заяўляе СК.

Адрас судзьдзі, яго месца працы і марка аўтамабіля былі разьмешчаныя «ў адным з экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў».

Таксама двое з мужчынаў незадоўга да гэтага зьдзейсьнілі нешта, што СК называе «актам тэрарызму ў дачыненьні да пракурорскага работніка».

Сьледчы камітэт адзначае, што да ўступленьня ў закрыты чат фігуранты пазнаёміліся на дваровых чаяваньнях.

Яшчэ раней СК паведамляў, што затрымаў некалькі чалавек, якія кінулі «кактэйль Молатава» ў будынак міліцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхароў Менску затрымалі за замах на тэракт, іх падазраюць у спробе падпалу пастарунку