Новы рэкорд: выезду зь Беларусі чакаюць больш за 5 тысяч грузавікоў

Грузавыя машыны выстройваюцца перад польска-беларускім памежным пераходам на Баброўнікі-Бераставіца. 2021 год.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што толькі тры зь дзевяці эўрапейскіх пунктаў пропуску выконваюць дамоўленасьці па афармленьні вялікагрузаў.

Ад пачатку сьнежня чэргі з фураў на мяжы павялічыліся яшчэ на 20%, адзначаюць у памежным ведамстве.

Самым загружаным застаецца літоўскі кірунак, дзе агулам назьбіралася амаль 2200 фур. У чарзе на польскіх пераходах зь беларускага боку стаяць 1720 машын, на латыскіх — 1090. Разгружаны толькі ўкраінскі напрамак, тут ня болей за паўсотні грузавых аўтамабіляў.

Паводле кіроўцаў, у чэргах даводзіцца стаяць па пяць сутак і нават больш. Пры гэтым на мяжы адсутнічаюць элемэнтарныя бытавыя ўмовы: мыюцца на вуліцы, ходзяць у прыбіральню «пад кола».

Не дапамагаюць і спэцыяльныя пропускі на перавоз хуткапсавальных тавараў — за такі гадавы дазвол кампаніі плацяць некалькі тысяч даляраў. Бо калі ў адгароджаным калідоры з двухбаковым рухам стаіць глухая чарга, немагчыма аб’ехаць пярэднія машыны нават фізычна.

Польшча закрыла пераход Брузгі — Кузьніца пасьля таго, як туды накіравалася вялікая група мігрантаў. У выніку на суседнім пераходзе Бераставіца — Баброўнікі сабраліся сотні фураў з таварамі для Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Такога не было даўно». Рэпартаж зь беларуска-польскай мяжы. ФОТА