Дзяржсакратар ЗША назваў сытуацыю ва Ўкраіне, міграцыйны крызіс і «Паўночны паток — 2» узаемазьвязанымі

Энтані Блінкен

Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен мяркуе, што цяперашняя сытуацыя вакол Ўкраіны, міграцыйны крызіс на межах Беларусі з Эўразьвязам, а таксама праект газаправода «Паўночны паток — 2» зьвязаныя паміж сабой.

Такое меркаваньне ён выказаў, выступаючы ў 3 сьнежня на анлайн-форуме Reuters Next.

Стэнаграму гутаркі апублікавалі на сайце Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка зноў прыгразіў перакрыць транзыт энэрганосьбітаў у Эўропу, Пуцін спадзяецца на газавыя кантракты

Энтані Блінкену задалі пытаньне аб тым, ці лічыць ён «ваенную пагрозу ў дачыненьні да Ўкраіны», мігрантаў на мяжы Беларусі з Эўразьвязам, а таксама «Паўночны паток — 2» «скаардынаванай геапалітычнай стратэгіяй» Пуціна, які такім чынам нібыта можа аказваць ціск на Эўропу.

«Што ж, мусіць, так, інакш кажучы, усе гэтыя зьявы маюць месца, і яны зьвязаныя адна з адной. І тое, што мы назіраем у Беларусі на межах трох краін, сапраўды абуральнае выкарыстаньне мігрантаў у якасьці палітычнай зброі — гэта можа пасеяць хаос і нестабільнасьць і ў той жа час узрастаючы ціск на Украіну, і так, таксама на энэргетыку, асабліва зімой. Я думаю, што гэтыя рэчы аб’яднаныя», — адказаў Блінкен.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Стала вядомая цана газу для Беларусі. Кантракт з Расеяй ужо падпісалі

Апошнім часам Украіна заяўляе пра вялікую колькасьць расейскіх войскаў на мяжы і пра магчымае ўварваньне Расеі на ўкраінскую тэрыторыю. На Захадзе таксама лічаць, што Расея можа рыхтаваць уварваньне. У Маскве гэтыя заявы называюць «пустым і беспадстаўным нагнятаньнем напружанасьці».

Газаправод «Паўночны паток — 2» — супольны праект расейскага «Газпрому» і шэрагу эўрапейскіх, перш за ўсё нямецкіх, кампаніяў — быў канчаткова дабудаваны ў верасьні 2021 году. Цяпер ён чакае сэртыфікацыі нямецкімі ўладамі і канчатковай ухвалы Эўракамісіі. ЗША і шэраг краін ЭЗ выступаюць супраць рэалізацыі гэтага праекту, называючы яго інструмэнтам націску на Ўкраіну і Эўразьвяз.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Нават адзін гарматны стрэл з тэрыторыі Беларусі па Ўкраіне канчаткова ператворыць Лукашэнку ў расейскага губэрнатара», — экспэрт

Міграцыйны крызіс на межах Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай, куды з пачатку году накіраваліся мігранты, рэзка абвастрыўся 8 лістапада. Некалькі тысяч чалавек падышлі зь беларускага боку да польскай мяжы, некаторыя зь іх паспрабавалі трапіць на тэрыторыю Польшчы, зламаўшы агароджу з калючага дроту.

Пазьней каля 2 тысяч чалавек разьмясьцілі ў транспартна-лягістычным цэнтры ў Брузгах непадалёк ад мяжы з Польшчай. Частка мігрантаў вярнулася самалётамі ў Ірак. Менск абвінавачваюць у наўмыснай эскаляцыі крызісу на мяжы. 2 сьнежня ЗША, Эўразьвяз, Канада і Вялікабрытанія ўвялі новыя санкцыі адносна Беларусі.