Хроніка перасьледу 3 сьнежня: затрымалі сябра партыі «Зялёных», пэнсіянэрку пасадзілі, бо доўга не адчыняла дзьверы

Суд Кастрычніцкага раёну Горадні, архіўнае фота

Беларусаў працягваюць перасьледаваць за іх грамадзянскую пазыцыю. Агляд выракаў судоў, ператрусаў і затрыманьняў за 3 сьнежня.

Пэнсіянэрку арыштавалі, бо доўга не адчыняла дзьверы сілавікам

59-гадовай пэнсіянэрцы Ніне Маслоўскай далі 8 дзён арышту, бо не адразу адчыніла супрацоўнікам ДФР.

1 сьнежня да жанчыны прыйшлі дадому супрацоўнікі ДФР зь ператрусам, пасьля яе забралі на допыт. Затым Маслоўскую пакінулі на ноч у РАУС да суду. На судзе высьветлілася, што яе судзяць за непадпарадкаваньне міліцыі.

Справу разглядала судзьдзя суду Першамайскага раёну Анастасія Кулік.

Маслоўская віну не прызнала. Яна патлумачыла на судзе, што званок у дзьверы ў сем ранку яе абудзіў. На тое, каб адзецца, ёй спатрэбілася каля пяці хвілін, тады яна і адчыніла дзьверы. Паводле словаў міліцыянтаў-сьведкаў, жанчына не адчыняла 20 хвілін.

Пэнсіянэрка на судзе дадала, што ў яе цыстыт і высокі ціск, папрасіла перадаць таблеткі, але ў сваякоў іх не прынялі.

Абмежавалі доступ да сайту «Наш дом»

У Беларусі абмежавалі доступ да сайту арганізацыі «Міжнародны цэнтар грамадзкіх ініцыятываў „Наш дом“». Адпаведную пастанову вынес генпракурор Швед, перадае «Белсат».

Затрымалі сябра партыі «Зялёных»

Правялі ператрус і затрымалі сябра Цэнтральнай Рады беларускай партыі «Зялёных» Дзяніса Тушынскага. Пра гэта ў Facebook паведаміў Дзьмітры Кучук.

Затрымалі журналіста зь Бярозаўкі

У Бярозаўцы Лідзкага раёну затрымалі журналіста Юрася Дзешука, паведамляе БАЖ. Ён праходзіць падазраваным па крымінальнай справе аб хуліганстве. Яе завялі пасьля абвяшчэньня прысуду Вітольду, калі ў залі нехта пачаў крычаць «Ганьба», «Верым, можам, пераможам». Юрася сёлета затрымлівалі некалькі разоў на содні, праводзілі ператрусы і адпускалі.

Блізкія Дзешука паведамілі, што яго адпусьцілі.

Юрась Дзяшук

Гарадзенцу з інваліднасьцю далі 1,5 года калёніі, бо сыгналіў

У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні абвясьцілі прысуд Дзьмітрыю Горбачу. Мужчыну прызналі вінаватым у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу) і асудзілі на 1,5 года калёніі, паведамляе «Гарадзенская праваабарона».

Справу разглядаў судзьдзя Віталь Лабоцкі. Падставай для крымінальнай справы сталі падзеі 10 жніўня 2020 году. У той дзень Дзьмітры Горбач езьдзіў каля абласной філярмоніі і сыгналіў.

Дзьмітры Горбач мае інваліднасьць трэцяй групы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу: сяброўку Вольгі Залатар пакаралі карцэрам, затрымалі футбаліста Яўгена Вяроўку

Затрымалі жыхара Полацку

Жыхара Полацку затрымалі па падазрэньні ў стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і распальваньні варожасьці. На 52-гадовага мужчыну завялі крымінальную справу па трох артыкулах. У прэс-рэлізе міліцыі яго называюць стваральнікам тэлеграм-каналу, у якім ён нібыта разьмяшчаў інструкцыі па арганізацыі масавых беспарадкаў.

Паводле МУС, затрыманы жыхар Полацку кіраваў тэлеграм-каналам, знаходзячыся ў Беларусі і ў Польшчы.