Палітвязьня Вітольда Ашурка пасьмяротна ўганаравалі ўкраінскім крыжом «За годнасьць у палоне»

Вітольд Ашурак.

Гэта другі беларускі палітвязень, які стаў ляўрэатам шанаванай ва Ўкраіне ўзнагароды. Раней крыж Пятра Калнышэўскага быў прысуджаны Паліне Шарэнда-Панасюк.

Інфармацыя пра пасьмяротнае ўганараваньне Вітольда Ашурка ўкраінскім крыжом «За годнасьць у палоне» разам з фатаздымкам узнагароды зьявілася на старонцы Вітольда Ашурка ў Фэйсбуку.

Крыжом Пятра Калнышэўскага «За годнасьць у палоне» ўзнагароджваюць грамадзян Украіны ці замежных грамадзян, якія былі ўзятыя ў палон і праявілі ўзор мужнасьці і нязломнасьці перакананьняў. Гэта не дзяржаўная ўзнагарода, а грамадзкая («Знак народної пошани»), яе выдала Ўсеўкраінскае грамадзкае аб’яднаньне «Країна».

Агулам вырабілі сто Крыжоў «За годнасьць у палоне», пакуль іх атрымалі менш за сто чалавек. Узнагароду выдаюць толькі пасьля праверкі біяграфіі радаю ўзнагародаў (камісія складаецца з трох чалавек) і атрыманьня даведкі са Службы бясьпекі Ўкраіны.

У чэрвені 2021 году крыжом «За годнасьць у палоне» ўганаравалі таксама беларускую палітычную зьняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк.

Палітвязень Вітольд Ашурак загінуў у шклоўскай калёніі пры нявысьветленых абставінах, 21 першага траўня сваякам паведамілі, што ў яго спынілася сэрца. Цела сваякам выдалі зь перабінтаванай да носу галавой. Сваякі дагэтуль ня ведаюць, чаму і пры якіх абставінах памёр Вітольд. Яны сумняваюцца нават у даце ягонай сьмерці. Вітольд Ашурак пражыў 50 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Фільм Свабоды пра палітвязьня Вітольда Ашурка, які загінуў у шклоўскай калёніі