У лягер мігрантаў у Брузгах прыбыла дэлегацыя МЗС Ірану, угаворваюць суайчыньнікаў вярнуцца дамоў

Мігранцкі лягер у Брузгах. 1 сьнежня 2021 г.

2 сьнежня ў лягістычны цэнтар «Брузгі» на беларуска-польскім памежжы, пераабсталяваны пад часовы лягер для мігрантаў, прыехалі прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Ірану.

Паводле тэлеканалу АНТ, цяпер тут 12 грамадзян гэтай краіны, пераважна этнічныя курды.

Дыпляматы прапанавалі ім садзейнічаньне ў вяртаньні дадому і далі час на роздум да Новага году. Размаўляць зь беларускай прэсай дэлегацыя МЗС Ірану адмовілася.

Тым часам зь менскага аэрапорту вылецеў эвакуацыйны рэйс у Ірак: бортам авіякампаніі Iraqi Airways дадому выправіліся 427 пасажыраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Яшчэ 427 мігрантаў пакінулі Менск эвакуацыйным рэйсам у Ірак

Такім чынам, агульная колькасьць эвакуаваных мігрантаў перавысіла 2 тысячы, аднак, паводле розных ацэнак, на тэрыторыі Беларусі яшчэ могуць заставацца да 7 тысяч выхадцаў з Афганістану, Іраку, Сырыі ды іншых краін.