Boeing 747-400 авіякампаніі Iraqi Airways вылецеў з аэрапорту Менск у Ірак у 14.28, Раней у Іраку казалі, што гэта будзе заключны вывазны рэйс.
Агулам на гэты рэйс зарэгістраваліся 427 пасажыраў, сярод якіх 12 малалетніх дзяцей. Больш за гадзіну адбывалася пасадка на борт.
1 сьнежня Нацыянальны аэрапорт паведамляў пра 390 мігрантаў, якія ўжо тады знаходзіліся ў аэрапорце, чакаючы вылету ў Ірак.
У папярэднія дні авіякампанія Iraqi Airways і Нацыянальны аэрапорт «Менск» адмянілі некалькі вывазных рэйсаў. У авіяперавозчыку патлумачылі гэта жаданьнем сабраць паболей людзей у палёт.
Агулам тэрыторыю Беларусі пакінулі ўжо каля 2,3 тысячы мігрантаў, якія па беларускіх турыстычных візах прыбылі ў краіну і намагаліся прабіцца ў Заходнюю Эўропу, некаторыя зь іх паводзілі сябе агрэсіўна, закідваючы польскіх памежнікаў камянямі і ламаючы абсталяваньне на мяжы. Паводле польскіх уладаў ім дапамагаюць беларускія сілавікі.