Менскі аэрапорт пацьвердзіў, што вывазны рэйс у Ірак адбудзецца 2 сьнежня, самалёт ужо ў палёце на Менск

Нацыянальны аэрапорт Менск

Вылет самалёту, як і плянавалася, адбудзецца 2 сьнежня.

Вывазны рэйс зь Беларусі ў Ірак, заплянаваны на 2 сьнежня, адбудзецца паводле пляну. Boeing 747-400 авіякампаніі Iraqi Airways вылецеў з аэрапорту Багдад у 08.23 і знаходзіцца на шляху ў Менск, паведаміў менскі аэрапорт у тэлеграм-канале.

Прылёт у Менск чакаецца а 12.30. Вылет у Арбіль заплянаваны на 13.45. Раней у Іраку сказалі, што гэта будзе заключны вывазны рэйс.

1 сьнежня Нацыянальны аэрапорт паведамляў пра 390 мігрантаў, якія ўжо тады знаходзіліся ў аэрапорце, чакаючы вылету ў Ірак.

У папярэднія дні авіякампанія Iraqi Airways і Нацыянальны аэрапорт «Менск» адмянілі некалькі вывазных рэйсаў. У авіяперавозчыку патлумачылі гэта жаданьнем сабраць паболей людзей у палёт.

Агулам тэрыторыю Беларусі пакінулі ўжо каля 1,5 тысячы мігрантаў, якія па беларускіх турыстычных візах прыбылі ў краіну і намагаліся прабіцца ў Заходнюю Эўропу, многія зь іх паводзілі сябе агрэсіўна, закідваючы польскіх памежнікаў камянямі і ламаючы абсталяваньне на мяжы пры дапамозе беларускіх сілавікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 390 мігрантаў у менскім аэрапорце чакаюць эвакуацыйнага рэйсу ў Ірак
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крызіс выгадны ўсім ворагам ЭЗ. Беларусь, Расея і Сырыя нядрэнна зарабілі», — арабістка пра мігранцкі крызіс