У Гомлі за камэнтары пра мігрантаў затрымліваюць і прымушаюць выбачацца на відэа

На дзяржаўным канале «Беларусь 4 Гомель» выйшаў сюжэт, прысьвечаны мясцовым жыхарам, якія пакідалі «няправільныя» камэнтары на адрас мігрантаў. Паказалі і відэа з выбачэньнямі камэнтатараў.

Паводле «Нашай Нівы», сілавікі ў Гомлі зацікавіліся падпісчыкамі рэгіянальнага пабліка «ВКонтакте» пад назвай «Гомель Сейчас». Некаторых камэнтатараў выклікалі ў міліцыю або затрымлівалі. Таксама запісалі відэа, на якіх людзі выбачаюцца за камэнтары.

«Я не пісаў нічога рэзкага. Сэнс майго камэнтара быў такі: ламаць і ламіцца не вельмі добра, так ніхто не просіцца да суседзяў, — расказвае „Нашай Ніве“ адзін з камэнтатараў. — Прайшло менш за суткі, на наступны дзень мяне забралі з працы. Мяне выклікалі, я думаў, у аддзел кадраў. А тут: „Вітаем, праедземся!“ Адвезьлі ў аддзяленьне міліцыі».

«Спачатку казалі, што нібыта нейкія праблемы на маёй мінулай працы. Але ў аддзяленьні паказалі раздрукоўку, яны ведалі мой акаўнт „ВКонтакте“, — распавёў камэнтатар. — Кажуць: „Вы ж разумееце, як вашы словы могуць трактавацца з юрыдычнага пункту гледжаньня? Мы разумеем, што вы мелі на ўвазе, але з юрыдычнага боку...“ Карацей, у такім духу, што давайце запішам відэа і забудземся пра ўсё гэта. А ў мяне на тэлефоне была парачка падпісак, скажам так, на не вельмі папулярныя ў іх рэсурсы. Ну і я запісаў тыя выбачэньні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 30 лістапада: 3 гады «хіміі» за пяціхвілінную счэпку і іншыя выракі за ўдзел у пратэстах