Віктар Хрэнін адзначыў, што ў 2022 годзе Беларусь і Расея ня будуць ладзіць маштабныя манэўры кшталту «Захаду» або «Шчыта Саюзу». Але заплянаваны комплекс мерапрыемстваў па прыкрыцьці паўднёвых межаў краіны:
«Мы плянуем правядзеньне вучэньня сумесна з нашымі калегамі, асноўным стратэгічным саюзнікам — Расейскай Фэдэрацыяй», — сказаў міністар абароны.
«Мы бачым, як вакол нашых дзяржаўных межаў ствараюцца групоўкі войскаў як на заходнім, так і на паўднёвым напрамках. Актыўна мілітарызуюцца краіны-суседзі, і гэта ня можа нас не турбаваць, таму мы вымушаныя плянаваць захады ў адказ», — сказаў кіраўнік ведамства, паабяцаўшы «рашучы адказ на любыя неадэкватныя дзеяньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка: «Калі Ўкраіна паспрабуе разьвязаць канфлікт з Расеяй, Беларусь убаку не застанецца»Аляксандар Лукашэнка на нарадзе ў Мінабароны заявіў, што Захад нібыта выкарыстоўвае мігрантаў як спосаб стрымліваньня беларускай арміі ў выпадку канфлікту з Расеяй.
«Напэўна, перажываюць, што ў нас стаў меншы паток мігрантаў, бо выкарыстоўвалі гэтых людзей (мы гэта ўжо бачым) дзеля таго, каб вырашыць свае ўнутраныя праблемы і трымаць нас у напружаньні. Яны выдатна разумеюць: калі толькі Ўкраіна паспрабуе разьвязаць канфлікт з Расеяй, убаку Беларусь не застанецца, таму беларускае войска трэба стрымліваць, напружваць на заходніх рубяжах», — адзначыў Лукашэнка, якога цытуе БелТА.
У чым Эўразьвяз і Польшча вінавацяць Лукашэнку?
Польшча абвінавачвае ўлады Беларусі ў наўмыснай арганізацыі каналу для перапраўкі мігрантаў у Эўразьвяз. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў з прапановай забараніць палёты ў небе краінаў ЭЗ для авіякампаній, якія дастаўляюць мігрантаў у Беларусь.
Прэсавы прадстаўнік польскага ўраду Пётр Мюлер адзначыў, што беларускія сілавікі могуць узброіць асобных мігрантаў, каб гарантаваць працяг правакацый на мяжы і затым гаварыць, што ўлады ў Менску ня маюць да гэтага дачыненьня.
У сувязі з гэтым польскі бок разглядае магчымасьць поўнай блякады беларускай мяжы, сказаў Мюлер.
Урад Польшчы праводзіць дыскусію, ці падаваць прэзыдэнту Анджэю Дуду на зацьвярджэньне хадайніцтва аб новым надзвычайным становішчы. Ранейшае скончыцца 1 сьнежня, і пакуль няма перадумоваў сьцьвярджаць, што крызіс скончыцца за тры наступныя тыдні.
Ад 9-й гадзіны 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход «Кузьніца» на мяжы зь Беларусьсю.