Ужо сёньня: 25 гадоў вываду зь Беларусі ядзернай зброі; год таму — Лукашэнка заявіў, што ня будзе кіраваць краінай пры новай Канстытуцыі

Расейская ядзерная ракета «Топаль-М» (паводле клясыфікацыі NATO — SS-25)

Падзеі 27 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі

Дата дня

27 лістапада 1938 году ў Менску быў расстраляны Сымон Рак-Міхайлоўскі, пэдагог, публіцыст, палітык, удзельнік нацыянальна-вызвольнага руху пач. ХХ ст. і нацыянальна-вызвольнага руху 1920–1930-х у Заходняй Беларусі, вязень польскіх турмаў, ахвяра сталінскіх рэпрэсіяў.

Сымон Рак-Міхайлоўскі

Некалі ў дзяцінстве, гартаючы кнігі й часопісы маёй мамы, выкладчыцы гісторыі, я сустрэў сьмешнае прозьвішча — Рак-Міхайлоўскі. Больш ад таго першага знаёмства нічога не запамяталася.

Другое адбылося ўжо ў мае студэнцкія сямідзясятыя гады мінулага стагодзьдзя. Робячыся беларусам ня толькі паводле пашпарту, я з апантанасьцю нэафіта пачаў скупляць беларускія кнігі і, вярнуўшыся з будатраду не з пустым гаманцом, набыў дзевяць выдадзеных на той час вішнёвых тамоў Беларускай савецкай энцыкляпэдыі.

З аднаго зь іх і ўведаў, што ў 1918-м Сымон Рак-Міхайлоўскі, аказваецца, быў «членам контрарэвалюцыйнай Рады БНР і яе вайсковай камісіі».

Пра далейшыя вехі жыцьця гэтай падазронай асобы гаварылася спасьцярожліва і без ацэнак: настаўнік Віленскай беларускай гімназіі, стваральнік і дырэктар Барунскай настаўніцкай сэмінарыі, адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы.

Што гэта былі за вучэльні й што за таварыства, я ня меў аніякага ўяўленьня, бо ў нас на гістфаку БДУ такія рэчы не вывучаліся, а ў лепшым разе мімаходзь згадваліся.

Потым энцыкляпэдычны артыкул рабіўся больш прыхільным да свайго героя — яўна з тае прычыны, што Сымон пасьля памылак і хістаньняў маладосьці стаў на правільныя рэйкі й уступіў у кампартыю Заходняй Беларусі, за што, як трэба было меркаваць, і атрымаў ад польскіх уладаў дванаццаць гадоў турмы.

Аднак, як вынікала зь вішнёвага тому, усё выглядала ня так трагічна, бо ў 1931-м змагар з эксплюататарамі пераехаў па абмене палітвязьнямі ў БССР, дзе працаваў дырэктарам Беларускага дзяржаўнага музэю і нават быў членам ЦВК рэспублікі.

Праўда, на гэтым (пасьля хуценькага паведамленьня, што Сымон Рак-Міхайлоўскі складаў вершы, пісаў падручнікі і лічыцца аўтарам музыкі да Багдановічавай «Зоркі Вэнэры») артыкул неяк раптоўна абрываўся. Я паглядзеў на дату сьмерці: 1937-мы (дарэчы, і той недакладны).

Разгарнуўшы выдадзены праз тры дзесяцігодзьдзі адпаведны том сучаснай Беларускай энцыкляпэдыі, я пераканаўся, што за гэты час мы прайшлі велізарны шлях.

Тут ужо згадваюцца старанна замоўчаны энцыкляпэдыяй-папярэдніцай Першы Ўсебеларускі зьезд, дэлегатам якога быў Рак-Міхайлоўскі, арышт і асуджэньне на дзесяць гадоў лягераў паводле сфабрыкаванай ОГПУ справы «Беларускага нацыянальнага цэнтру», а таксама дакладная дата расстрэлу.

Здаецца, можна было б цешыцца, што гістарычная праўда вяртаецца. Можна было б, каб не адна акалічнасьць: многае з таго, за што змагаўся Рак-Міхайлоўскі на пачатку мінулага стагодзьдзя, ня менш актуальнае і ў сёньняшняй Беларусі.

Возьмем, да прыкладу, нацыянальную адукацыю і Таварыства беларускай школы.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.184-185.

У гэты дзень год таму

  • Лукашэнка заявіў, што ня будзе кіраваць краінай пры новай Канстытуцыі.
  • Да Каардынацыйнай рады далучыліся звольненая выкладчыца МДЛУ Натальля Дуліна і дацэнт Юры Стулаў, які за яе заступіўся.
  • Кіраўніцтва Інстытуту гісторыі НАН Беларусі не працягнула кантракт ужо семярым супрацоўнікам. Яшчэ пяцёра навукоўцаў заявілі аб звальненьні ў знак салідарнасьці.
  • Абраны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн прыслаў Сьвятлане Ціханоўскай запрашэньне на сустрэчу.

Гэты дзень у гісторыі

1095 — папа Урбан II абвясьціў Сьвятую вайну супраць ісламу на Сьвятой зямлі, што стала пачаткам Першага крыжовага паходу.

1654 — падчас вайны Расеі з Рэччу Паспалітай расейскія войскі занялі Віцебск.

1812 — бой на Беразіне паміж расейскімі і францускімі войскамі падчас паходу Напалеона на Расею.

1815 — расейскі імпэратар Аляксандар I даў Канстытуцыю Царству Польскаму.

1859 — у Менску была адкрытая паштова-тэлеграфная станцыя.

1895 — Альфрэд Нобэль падпісаў свой тэстамэнт, паводле якога яго спадчына паступіла ў фонд Нобэлеўскай прэміі.

Мэдаль Нобэлеўскай прэміі

1920 — Першы Слуцкі полк Беларускай Народнай Рэспублікі ўступіў у бой з бальшавікамі за незалежнасьць Беларусі.

1989 — Вярхоўны Савет СССР санкцыянуе права на эканамічнае самавызначэньне Літвы, Латвіі і Эстоніі.

1996 — Аляксандрам Лукашэнкам спыненая дзейнасьць Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь 13-га скліканьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму Лукашэнка перамог у 1996 годзе?

1996 — з тэрыторыі Беларусі быў выведзены апошні эшалён зь ядзернымі ракетамі РС-12М «Топаль».

У гэты дзень нарадзіліся

1701 — Андэрс Цэльсій, швэдзкі астраном, геоляг і мэтэароляг, вынаходнік тэмпэратурнай шкалы, якая носіць яго імя.

1874 — Хаім Вэйцман, першы прэзыдэнт Ізраілю, ураджэнец Беларусі.

Хаим Вэйцман

1900 — Вячаслаў Лаўскі, беларускі грамадзка-палітычны дзяяч.

1903 — Піліп Пестрак, беларускі паэт, празаік, публіцыст, крытык.

Максім Танк, Пімен Панчанка, Піліп Пестрак на ІІ зьезьдзе Саюзу пісьменьнікаў СССР. Масква, 1954

1921 — Уладзімер Тарасевіч, беларускі ўніяцкі біскуп, манах-бэнэдыктынец, доктар тэалёгіі.

1947 — Эдуард Белагураў, беларускі мастак.

1947 — Анатоль Цітоў, беларускі гісторык, геральдык.

Анатоль Цітоў

1953 — Барыс Грабеншчыкоў, расейскі паэт і музыка.

1960 — Юлія Цімашэнка, украінская палітык.

Юлія Цімашэнка

У памяці

1895 — Аляксандар Дзюма-сын, францускі пісьменьнік

1932 — Дамінік Сямашка, польскі, беларускі і літоўскі палітычны дзяяч. Выступаў за аднаўленьне ВКЛ у межах на 1772 год са значнай аўтаноміяй для беларусаў.

1973 — Мікола Дэмух, удзельнік паваеннага збройнага антысавецкага Супраціву 1940-х, вязень савецкіх турмаў.

Калі вам выпадзе быць на Нясьвіжчыне, запытайцеся пра Дэмуха, і вы пачуеце сапраўдныя паданьні, герой якіх прывядзе на памяць легендарнага Робіна Гуда.

Вам распавядуць пра тое, як удзень савецкі фінагент забіраў з двара апошнюю кароўку-карміцельку, а ўначы кароўка — цэлая й усьцешаная — вярталася дадому з наколатай на рогі цыдулкай: «Ад Дэмуха». Вам пакажуць дуброву, дзе Дэмух адзін выйграў бой з цэлым узводам гэбістаў, або колішні млын, дзе ён таемна сустракаўся з каханай.

Мікола ваяваў з гітлераўцамі, але, прыйшоўшы з фронту, быў уражаны й абураны несправядлівасьцямі, якія новая ўлада чыніла ў былых заходнебеларускіх вёсках: бязьлітаснымі падаткамі, арыштамі за неасьцярожнае слова, высылкамі тысяч сем’яў у казахстанскія стэпы.

Ён пайшоў у лес. Як сьведчаць апэратыўныя зводкі МГБ, у сваіх акцыях Дэмух вызначаўся незвычайнай адвагай. Будучы на нелегальным становішчы, ён дзейнічаў то асобна, то ўваходзіў у склад партызанскага аддзелу Івана Раманчука, аднаго з стваральнікаў Саюзу змаганьня за незалежнасьць Беларусі.

Устаноўчы сход гэтай арганізацыі ў 1946 годзе адбыўся на хутары Саска-Ліпка пад Нясьвіжам.

Аўтарытэт «нясьвіскага Робіна Гуда» быў такім, што людзей Раманчука і мясцовыя жыхары, і гэбісты больш ведалі як аддзел Дэмуха.

Увесну 1949-га паранены ў няроўным баі Мікола трапіў у палон. На судзе ён атрымаў 25 гадоў канцлягераў. (Сьмяротнае пакараньне ў СССР тады часова скасавалі.)

Вярнуўшыся пасьля зьняволеньня ў Беларусь, Дэмух хутка памёр у часе даволі простай апэрацыі ў шпіталі. Сьмерць можна было б растлумачыць падарваным савецкімі лягерамі здароўем, каб не адна вельмі істотная акалічнасьць: прыкладна тады ж, вярнуўшыся на волю, раптоўна сканаў і Іван Раманчук. Здарылася гэта, як і ў выпадку з Дэмухам, падчас нескладанай апэрацыі.

Уладзімер Арлоў, «Імёны Свабоды», 4-е выданьне, с.288-289.

1990 — Восіп Любіч, францускі мастак беларускага паходжаньня.