На здымку мігрант паказвае зацьвілую тушонку і вафлі «Яшкіна», тэрмін прыдатнасьці якіх скончыўся 19 лістапада 2021 году (паводле даты на ўпакоўцы).
Старшыня Горадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Каранік заявіў на гэта журналістам, што ў таварна-лягістычным цэнтры, дзе часова разьмясьцілі мігрантаў зь беларуска-польскай мяжы, сур’ёзна ставяцца да якасьці прадуктаў. Чыноўнік не патлумачыў, як пратэрмінаваная тушонка апынулася ў руках мігранта, але адзначыў, што ўсю неадкладную дапамогу ўцекачам надаюць у поўным абʼёме.
«У дзень абʼём выдачы даходзіць да 5 кг на чалавека. Узмоцнім і кантроль за захоўваньнем прадуктаў уцекачамі. Пратэрмінаваных прадуктаў няма», — цытуе Ўладзімера Караніка тэлеканал АНТ.
Раней Уладзімер Каранік разам з памочнікам прэзыдэнта па Горадзенскай вобласьці Юрыем Караевым разьбіраліся з завышэньнем цэнаў на шаўрму, на што паскардзіліся мігранты ў гандлёва-лягістычным цэнтры. Пра вынікі праверкі не паведамлялася, але скаргаў больш не паступала.