Расейскі Яндэкс.Маркет спыніў дастаўку тавараў у Беларусь, баючыся новых падаткаў

Інтэрнэт-пляцоўкі занепакоеныя папраўкамі ў Падатковы кодэкс Беларусі

Расейскія онлайн-крамы заклапочаныя рызыкай падвойнага падаткаабкладаньня ў Беларусі.

Зьмены ў беларускім заканадаўстве могуць прывесці да мільённых стратаў гандлёвымі пляцоўкамі кшталту Wildberries і Ozon, з тавараў якіх налета пачнуць спаганяць ПДВ. Бізнэсоўцы Расеі зьвярнуліся да свайго прэм’ер-міністра Міхаіла Мішусьціна, каб той пасадзейнічаў вырашэньню праблемы зь беларускім рынкам.

Як піша газэта «Коммерсант», Беларусь ад 1 ліпеня 2022 году зьбіраецца ўвесьці ПДВ пры электронным продажы тавараў. Навацыі прадугледжаныя праектам паправак у Падатковы кодэкс для замежных кампаній. Мяркуецца, што гэта дазволіць папоўніць бюджэт на 40 млн рублёў за год.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Большыя падатковыя нагрузкі, менш ільготаў. Зьявіўся праект зьменаў у Падатковы кодэкс

Зьмена закране ня толькі буйныя міжнародныя інтэрнэт-пляцоўкі кшталту AliExpress, а і кампаніі з Расеі. Там дадатковую падатковую нагрузку ацэньваюць у 3,8 млрд расейскіх рублёў (каля 50 млн даляраў).

Па зьвестках «Коммерсанта», пытаньнем ужо займаецца Міністэрства эканомікі Расеі. Ведамства паведаміла ў Эўразійскую эканамічную камісію «аб недапушчальнасьці стварэньня бар’ераў», бо сытуацыя «ўступае ў супярэчнасьць з правам ЭАЭС».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства фінансаў плянуе скасаваць ільготы ў падаткаабкладаньні для ІП

Тым часам беларускія карыстальнікі маркетплэйсу Яндэкс.маркет паведамляюць, што ня могуць замовіць тавар. У службе падтрымкі патлумачылі, што «пакуль не займаюцца дастаўкай тавараў у Беларусь».

У Lamoda журналістам пацьвердзілі «вельмі вострую сытуацыю», а ў Wildberries запэўнілі, што ў рамках міжведамасных камісій «прапрацоўваюць варыянты вырашэньня праблемы».