Бізнэсовец, якога затрымалі пасьля звароту ў падатковую аб праверцы, выйшаў на волю

Сьледчы ізалятар №1 ГУУС Менска, архіўнае фота.

Паводле зьвестак «Нашай нівы», бізнэсмэн заплаціў 10 мільёнаў даляраў «кампэнсацыі шкоды», каб выйсьці на волю.

Выданьне «Наша ніва» паведаміла, што ўладальніка гандлёвых цэнтраў «Тытан», «Цівалі» і «Трум» Віталя Сініцкага вызвалілі на мінулым тыдні.

Інфармацыя пра затрыманьне буйнага бізнэсоўца Віталя Сініцкага зьявілася ў канцы верасьня. Тады ён нібыта напісаў на сябе заяву ў падатковую з просьбай правесьці праверку ягоных прадпрыемстваў.
Праверка па выніках заявы адбылася, Сініцкі чакаў вынікаў, але раптоўна зь ім зьнікла сувязь.

Празь некаторы час стала вядома, што Сініцкага зьмясьцілі за краты праз падазрэньне ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша Ніва»: уладальнік трох менскіх гандлёвых цэнтраў напісаў заяву ў падатковую і зьнік

Бізнэсовец Віталь Сініцкі кіраваў кампаніяй «Сігмаполюс», якой належаць менскія бізнэс-цэнтры «Тытан», «Цівалі», «Арлан», «Хваля», «Анкор», гандлёвы цэнтар «Трум», прамысловая база на Гурскага і іншыя. Таксама Сініцкі займаецца забудовай участку насупраць тэатру музкамэдыі на Нямізе.

У сьвежым рэйтынгу пасьпяховых бізнэсоўцаў ад «Ежедневника» Сініцкі займаў 38-е месца.