Будучы ўрад Нямеччыны заплянаваў легалізаваць марыхуану

У Нямеччыне ў недалёкай будучыні можа быць легалізавана ўжываньне марыхуаны. Пра гэта дамовіліся тры партыі, якія вядуць цяпер перамовы аб фармаваньні новага ўраду, — паведамляе выданьне Politico са спасылкай на нямецкія СМІ.

Сацыял-дэмакраты, «Зялёныя» і Свабодныя дэмакраты дамовіліся легалізаваць ужываньне марыхуаны ў рэкрэацыйных мэтах і продаж канабісу дарослым у спэцыялізаваных крамах. На права продажу марыхуаны будзе выдавацца ліцэнзія, умовамі атрыманьня якой будуць гарантыі кантролю якасьці і забарона на продаж прадукцыі непаўналетнім. Пакуль незразумела, ці будзе таксама легалізаванае вырошчваньне канопляў з мэтай атрыманьня марыхуаны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне легалізавалі мэдычны канабіс. Часткова

У гэты момант канабіс легалізаваны ў Нямеччыне для ўжываньня ў мэдычных мэтах. «Зялёныя» і Свабодныя дэмакраты доўгі час выступаюць за поўную легалізацыю марыхуаны — пры ўмове дзяржаўнага кантролю за рынкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трэцяя краіна ў сьвеце легалізавала марыхуану

Перамовы аб новым кабінэце пачаліся неўзабаве пасьля выбараў у Бундэстаг, на якіх посьпеху дабіліся перш за ўсё сацыял-дэмакраты. Разам зь «Зялёнымі» і Свабоднымі дэмакратамі ў іх будзе большасьць у парлямэнце, а хрысьціянскія дэмакраты ўпершыню за доўгі час апынуцца ў апазыцыі. Аднак з прычыны рознагалосьсяў па шэрагу пытаньняў паміж партыямі перамовы, як чакаецца, зоймуць яшчэ як мінімум некалькі тыдняў. Пакуль ва ўладзе застаецца ранейшы кабінэт канцлеркі Ангелы Мэркель.