Былы прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі страціў прытомнасьць на 49-ы дзень галадоўкі

Міхэіл Саакашвілі

Былы прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі, які абвясьціў галадоўку, страціў прытомнасьць пасьля сустрэчы з адвакатамі ў турэмным шпіталі. Пра гэта журналістам заявіў ягоны адвакат Бека Басілая.

Па словах Басілая, пасьля гэтага палітыка вынесьлі з памяшканьня на насілках. Пазьней ён паведаміў, што стан былога прэзыдэнта стабілізаваўся. «Не магу рабіць мэдычных ацэнак, але ён быў у вельмі цяжкім стане», — заявіў адвакат.

Саакашвілі трымае галадоўку зь першага кастрычніка. Спачатку ён патрабаваў спыніць свой крымінальны перасьлед. Цяпер — перавесьці яго ў цывільны шпіталь з турэмнага. Палітык быў арыштаваны па прыбыцьці ў Грузію, дзе завочна асуджаны па дзьвюх крымінальных справах. Зараз у краіне пачаўся яшчэ адзін суд, дзе ён — абвінавачаны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Служба дзяржбясьпекі Грузіі западозрыла прыхільнікаў Саакашвілі ў змове з мэтай захопу ўлады

Апазыцыя заяўляе, што перасьлед палітыка мае выключна палітычны характар. У падтрымку Саакашвілі галадаюць 10 дэпутатаў парлямэнту і адзін зь лідэраў апазыцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух».

Да яго вызваленьня заклікалі шэраг дэпутатаў Эўрапарлямэнту і былыя прэзыдэнты Латвіі і Украіны. Каб вызваліць былога прэзыдэнта, указ аб яго памілаваньні павінна падпісаць прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі. Яна некалькі разоў заяўляла, што рабіць гэтага ня будзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі адбылася буйная дэманстрацыя за вызваленьне з турмы экс-прэзыдэнта Саакашвілі