Польшча выставіла Беларусі ўльтыматум адносна чыгуначнага пункту пропуску ў Кузьніцы

Ілюстрацыйнае фота

Польшча заявіла беларускаму боку, што закрые чыгуначны пункт пропуску ў Кузьніцы, калі сытуацыя зь мігрантамі не стабілізуецца.

Пра гэта паведамляе сайт МУС Польшчы, адзначаючы, што адпаведны ліст старшыні Памежнага камітэту Беларусі Анатолю Лапо паслаў камэндант Памежнай варты Польшчы Томаш Прага.

У лісьце, паводле сайта МУС Польшчы, Прага згадаў акты агрэсіі, якія апошнім часам адбываліся каля памежнага пераходу ў Кузьніцы. Ахвярамі гэтых нападаў сталі афіцэры польскіх службаў, якія ахоўвалі польска-беларускую мяжу, адзначыў польскі службовец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зь Менску вылецеў першы эвакуацыйны рэйс у Ірак, Варшава выставіла Менску ўльтыматум

Томаш Прага паведаміў Анатолю Лапо, што польскі бок чакае стабілізацыі сытуацыі ў сувязі са знаходжаньнем нелегальных мігрантаў каля памежнага пераходу ў Кузьніцы да нядзелі, 21 лістапада. У выпадку адсутнасьці адказу на гэты зварот Польшча, ахоўваючы бясьпеку чыгуначнага руху, прыпыніць гэты рух праз памежны пераход у Кузьніцы.

У сувязі з сытуацыяй на польска-беларускай мяжы з 9 лістапада памежны рух на аўтадарожным памежным пераходзе ў Кузьніцы быў спынены на неакрэсьлены тэрмін.