Мігранты ў цэнтры Менску: сьпяць у падземных пераходах, чакаюць выезду на польскую мяжу. ВІДЭА

Мігранты на Ждановіцкім рынку

Сотні мігрантаў з Блізкага Ўсходу працягваюць знаходзіцца ў цэнтры Менску. Яны канцэнтруюцца каля гандлёвых цэнтраў на Нямізе, сьпяць у падземных пераходах. «Настоящее время» зьняла відэа на сталічных вуліцах, каб паказаць, што адбываецца.

Большасьць мігрантаў, якія знаходзяцца ў Беларусі цяпер, — грамадзяне Сырыі і Іраку, вялікая частка зь іх — этнічныя курды. Людзі ня ўтойваюць мэты сваёй паездкі — гэта Нямеччына.

Ня ўсе мігранты кідаюць сьмецьце неарганізавана — многія зьбіраюць яго ў асобныя пакеты, каб не рабіць шкоды. Міліцыя ніяк не рэагуе на прысутнасьць мігрантаў у цэнтры гораду, хоць яна доўжыцца ўжо некалькі тыдняў.

Ад 8 лістапада на беларуска-польскай мяжы трывае новы этап міграцыйнага крызісу: буйная група мігрантаў з Блізкага Ўсходу начуе побач з агароджай з калючага дроту, якая аддзяляе Беларусь ад Польшчы.

Штодня на таксі да мяжы прыбываюць усё новыя і новыя мігранты, каб далучыцца да нелегальнага лягеру землякоў на беларускай памежнай паласе, які дазволілі і нават дапамаглі абсталяваць беларускія памежнікі, якія ніяк не рэагуюць на высяканьне дрэваў і штурхаюць мігрантаў да парушэньня дзяржаўнай мяжы Польшчы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Памежная варта Польшчы: намёты на беларускай паласе пачынаюць зьнікаць, мігрантам раздаюць інструкцыі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Колькасьць мігрантаў, якія прарваліся ў Нямеччыну празь Беларусь, дасягнула 9,5 тысяч чалавек