«Белавія» заявіла, што спыняе перавозку грамадзян Іраку, Сырыі і Емэну на рэйсах з Дубаю ў Беларусь

Раней «Белавія» адмовілася перавозіць грамадзян гэтых краін з Турэччыны.

«Белавія» ня будзе перавозіць грамадзян Іраку, Сырыі і Емэна на рэйсах з Дубаю ў Беларусь. Інфармацыя пра гэтае рашэньне зьявілася на афіцыйным сайце авіякампаніі.

«У адпаведнасьці з рашэньнем кампэтэнтных органаў ААЭ, з 14.11.2021 грамадзяне Афганістану, Іраку, Емэну, Сырыі не будуць прымацца да перавозкі на рэйсах, якія ідуць з Дубаю ў Беларусь. У сувязі з гэтым авіякампанія «Белавія» ўзмацняе кантроль за праверкай дакумэнтаў пры рэгістрацыі пасажыраў на рэйсы з Дубаю», — гаворыцца ў паведамленьні.

У сувязі з павелічэньнем попыту з боку турыстычных апэратараў Беларусі частата выкананьня рэйсаў з кастрычніка 2021 года павялічылася з 3 да 5 рэйсаў у тыдзень.
Кампанія адзначае, што на рэйсах у Дубай большасьць месцаў прададзена ў выглядзе блёкаў месцаў беларускім турыстычным апэратарам, а сама колькасьць білетаў з пачаткам падарожжа з Дубая была мінімальнай.

Авіякампанія «Белавія» падкрэсьлівае, што на працягу многіх гадоў не выконвала рэгулярныя або чартэрныя рэйсы ў Афганістан, Ірака, Емен, Сірыю і ніколі не садзейнічала перавозцы нелегальных мігрантаў у Рэспубліку Беларусь.

Эўразьвяз 15 лістапада мае ўвесьці пяты пакет санкцый супраць уладаў Беларусі, які будзе скіраваны супраць тых, каго ЭЗ лічыць адказнымі за арганізацыю міграцыі.

Сярод тых, хто мае трапіць пад санкцыі, міністар замежных спраў Ўладзімер Макей і дзяржаўная авіякампанія «Белавія».

Эўразьвяз таксама разглядае магчымасьць пашырыць эканамічныя санкцыі, уведзеныя ў ліпені. Пад новыя санкцыі можа трапіць беларускае дзяржаўнае страхаваньне.

Раней стала вядома, што авіякампанія Turkish Airlines абвесьціць аб забароне на продаж білетаў грамадзянам краін паходжаньня нерэгулярных мігрантаў, у т. л. Іраку і Сырыі, на рэйсы ў Беларусь, паведаміла польскаму агенцтву PAP дыпляматычная крыніца ў Брусэлі.

12 лістапада «Белавія» заявіла, што спыняе перавозку грамадзян Іраку, Сырыі і Емэну на рэйсах з Турэччыны ў Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сырыйская авіякампанія Cham Wings Airlines адмяніла рэйсы ў Менск