Журналіст Івашын папрасіў сустрэчы зь лекарам. Ціханоўская заклікала падтрымаць зьняволеных студэнтаў. Навіны палітвязьняў 13 лістапада

Дзяніс Івашын і гарадзенская турма

Палітзьняволены журналіст Дзяніс Івашын напісаў заяву на сустрэчу з доктарам у турме, паведаміла ягоная жонка.

Паводле яе, Дзяніс Івашын па-ранейшаму адчувае праблемы з сэрцам, перадае «Вясна».

Улетку ў яго здарыўся сардэчны прыступ.

Дзяніса Івашына трымаюць за кратамі ўжо 245 дзён. Як піша «Новы Час», апошнія два месяцы родныя не атрымлівалі ад яго лістоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 481 дзень за кратамі без суду. Каго зь вядомых палітвязьняў яшчэ не асудзілі, і што вядома пра іх справы

Сьвятлана Ціханоўская заклікала падтрымаць студэнтаў-палітвязьняў

12 лістапада споўніўся роўна год, як за краты трапілі 11 беларускіх студэнтаў і адна выкладчыца.

Сьвятлана Ціханоўская заклікала падтрымаць іх:

  • напісаць ім лісты,
  • запосьціць у сваіх сацыяльных сетках урыўкі зь іхных лістоў ці іх малюнкі,
  • выказаць словы падтрымкі блізкім,
  • падтрымаць ініцыятывы Задзіночаньня беларускіх студэнтаў.

«Давайце падтрымаем нашу будучыню, якая змагаецца зь мінулым. Я веру ў такую моладзь. Я веру ў такую Беларусь», — напісала Сьвятлана Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ўсё яшчэ змагаемся». Што адбываецца са студэнцкім рухам праз год пасьля «справы студэнтаў»