У Радзе Бясьпекі ААН рэжым Лукашэнкі назвалі пагрозай рэгіянальнай стабільнасьці

Паседжаньне Рады Бясьпекі ААН. Ілюстрацыйнае фота

Прадстаўнікі Францыі, Альбаніі, Эстоніі, Ірляндыі, Нарвэгіі, Вялікай Брытаніі і ЗША ў Радзе Бясьпекі ААН у сумеснай заяве ад 11 лістапада, назвалі дзеяньні беларускіх уладаў у інструмэнталізацыі мігрантаў бесчалавечнымі.

У заяве, апублікаванай на сайце прадстаўніцтва ЗША ў ААН, рэжым Лукашэнкі названы пагрозай рэгіянальнай стабільнасьці.

«Мы заклікаем беларускія ўлады спыніць гэтыя бесчалавечныя дзеяньні і не рызыкаваць жыцьцём людзей. Неабходна даць міжнародным арганізацыям неадкладны і бесьперашкодны доступ да людзей, якія знаходзяцца там, для дастаўкі гуманітарнай дапамогі», — гаворыцца ў заяве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кандыдат у канцлеры Нямеччыны паабяцаў Лукашэнку жорсткі адказ за шантаж Эўразьвязу

Прычынай разьвязваньня гібрыднай агрэсіі чальцы Рады Бясьпекі ААН лічаць жаданьне рэжыму Лукашэнкі адцягнуць увагу «ад яе ўласных парушэньняў правоў чалавека, якія ўзмацняюцца», і заклікаюць прыцягнуць Беларусь да адказнасьці.

«Гэта дэманструе, як рэжым Лукашэнкі стаў пагрозай рэгіянальнай стабільнасьці», — адзначаецца ў заяве.

Прадстаўнікі краін, якія падпісалі заяву, салідарныя з Польшчай і Літвой, а таксама заклікаюць да супрацоўніцтва «краіны паходжаньня і транзыту, каб перасьцерагчы сваіх грамадзян ад трапляньня ў пастку, зробленую беларускімі ўладамі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Польшча апублікавала статыстыку спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі: рост у 377 разоў за год

Ад рэжыму ў Беларусі сябры Рады Бясьпекі ААН патрабуюць забясьпечыць і спрыяць адэкватнай абароне і сыходу мігрантаў.

«Мы падкрэсьліваем важнасьць прадухіленьня гуманітарнага крызісу і забесьпячэньня таго, каб мігранты, у якіх няма законнай падставы для пражываньня, маглі быць бясьпечна вернутыя ў краіну паходжаньня», — гаворыцца ў заяве.