Пра візыт Анджэя Дуды на памежжа паведамляецца на афіцыйным сайце прэзыдэнта Польшчы.
Таксама стала вядома, што Дуда ўзяў удзел у нарадзе з афіцэрамі і салдатамі, якія выяжджаюць на начное патруляваньне мяжы, і пажадаў ім пасьпяховай службы.
«Мы ўвесь час з вамі. Я заўсёды буду сачыць за вашымі дзеяньнямі, як прэзыдэнт», — падкрэсьліў ён.
- Сытуацыя на мяжы Беларусі і Польшчы ўскладнілася ў панядзелак, 8 лістапада, калі да польскай мяжы зь беларускага боку прыйшлі тысячы мігрантаў. Урад Польшчы заявіў, што прыводзіць свае войскі ў поўную баявую гатоўнасьць.
- 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход «Кузьніца», непадалёк ад якога сабраліся мігранты.
- Уначы з 9 на 10 лістапада дзьве групы мігрантаў прарваліся ў Польшчу.
- Літва з 10 лістапада ўвяла рэжым надзвычайнага становішча ўздоўж мяжы зь Беларусьсю.
- Выканаўца абавязкаў канцлера Нямеччыны Ангела Мэркель 10 лістапада правяла тэлефонную размову з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, папрасіўшы яго паўплываць на Менск у сувязі з сытуацыяй зь мігрантамі на мяжы Польшчы і Беларусі.
У чым Польшча вінаваціць Лукашэнку?
Польшча абвінавачвае ўлады Беларусі ў наўмыснай арганізацыі каналу для перапраўкі мігрантаў у Эўразьвяз. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў з прапановай забараніць палёты ў небе краінаў ЭЗ для авіякампаній, якія дастаўляюць мігрантаў у Беларусь.
Прэсавы прадстаўнік польскага ўраду Пётар Мюлер адзначыў, што беларускія сілавікі могуць узброіць асобных мігрантаў, каб гарантаваць працяг правакацый на мяжы і затым гаварыць, што ўлады ў Менску ня маюць да гэтага дачыненьня.
У сувязі з гэтым польскі бок разглядае магчымасьць поўнай блякады беларускай мяжы, сказаў Мюлер. Урад праводзіць дыскусію, ці падаваць прэзыдэнту Анджэю Дуду на зацьвярджэньне хадайніцтва аб новым надзвычайным становішчы. Папярэдняе скончыцца 1 сьнежня, і пакуль няма перадумоваў сьцьвярджаць, што крызіс скончыцца ў тры наступныя тыдні.
Ад 9-й гадзіны 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход «Кузьніца» на мяжы зь Беларусьсю.