Авіякампанія Turkish Airlines паабяцала ня браць на борт сваіх самалётаў у Менск грамадзян Іраку, Сырыі і Емэну

Авіякампанія Turkish Airlines абвесьціць аб забароне на продаж білетаў грамадзянам краін паходжаньня нерэгулярных мігрантаў, у т. л. Іраку і Сырыі, на рэйсы ў Беларусь, паведаміла польскаму агенцтву PAP дыпляматычная крыніца ў Брусэлі.

У Брусэлі і ў сталіцах краін Эўразьвязу расьце ўсьведамленьне таго, што для стрыманьня эскаляцыі крызісу на польска-беларускай мяжы неабходна абмежаваць прыток мігрантаў у Беларусь паветраным шляхам. На гэты конт вядуцца кулюарныя перамовы з краінамі, якія не ўваходзяць у ЭЗ, чые авіякампаніі лётаюць у гэтую краіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Якія авіякампаніі возяць мігрантаў у Беларусь. Справаздача Эўракамісіі

«Ціск пачаў даваць плён. Сёньня (у чацьвер) Turkish Airlines абвесьціць аб забароне на продаж білетаў грамадзянам нерэгулярных мігрантаў, у тым ліку Іраку і Сырыі, на рэйсы ў Беларусь. Таксама вырашана абмежаваць супрацоўніцтва зь беларускай авіякампаніяй „Белавія“. Падобныя дзеяньні датычаць авіякампаніі Emirates», — сказаў PAP у Брусэлі адзін з высокапастаўленых дыпляматаў ЭЗ.

У канцылярыі прэзыдэнта Польшчы пазьней паведамілі: авіякампанія Turkish Airlines пацьвердзіла, што з гэтага часу ня будзе прымаць на борт рэйсаў у Менск грамадзян Іраку, Сырыі і Емэну, акрамя ўладальнікаў дыпляматычных пашпартоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкія СМІ: Беларусь рыхтуецца прымаць да 40 рэйсаў у тыдзень са Стамбула, Дамаска і Дубая

Паводле неафіцыйнай інфармацыі PAP, асноўныя авіявузлы, празь якія мігранты трапляюць у Беларусь, — Стамбул, Дубай і Масква. Штаб-кватэра Emirates месьціцца ў Дубаі.

У чацьвер Эўракамісія заявіла, што Эўразьвяз будзе імкнуцца ўнесьці ў «чорны спіс» авіякампаніі, якія перавозяць мігрантаў у Беларусь, і будзе каардынаваць заплянаваныя санкцыі супраць Менска з ЗША.