Вучэньні праходзяць на ўчастку памежнага падразьдзяленьня «Грабава» ў Валынскай вобласьці. Яны афіцыйна прызначаныя для адпрацоўкі дзеяньняў «для абароны ад магчымай спробы прарыву ўкраінскай мяжы штучна арганізаванымі натоўпамі мігрантаў».
Як паведаміла прэсавая служба Міністэрства ўнутраных справаў Украіны, у вучэньнях задзейнічалі ўсе падпарадкаваныя гэтаму ведамству структуры — Дзяржаўную памежную службу, Нацыянальную паліцыю, Дзяржаўную службу надзвычайных сытуацый і Нацыянальную гвардыю.
Памежнае падразьдзяленьне «Грабава» ўваходзіць у склад Луцкага памежнага атраду, які ахоўвае 545,5 кілямэтра мяжы зь Беларусьсю і Польшчай. На гэтым участку працуюць 15 пунктаў пропуску, у тым ліку 12 аўтамабільных і тры — для чыгуначнага транспарту.
«З мэтай супрацьдзеяньня патэнцыйнаму крызісу зь мігрантамі мы далучылі ўсе структуры МУС без выключэньня, як адзіны кулак унутранай бясьпекі Ўкраіны», — заявіў міністар унутраных справаў Украіны Дзяніс Манастырскі на месцы правядзеньня вучэньняў.
Дзяніс Манастырскі.
10 лістапада пасьля пасяджэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны, на якім абмяркоўвалася сытуацыя на мяжы Беларусі і Польшчы, а таксама на беларуска-ўкраінскім участку, Дзяніс Манастырскі заявіў, што для ўзмацненьня аховы мяжы зь Беларусьсю будуць залучаныя сілы Нацыянальнай гвардыі, паліцыі, а таксама тэрытарыяльнай абароны.
«Мы рыхтуемся да сцэнараў, падобных тым, што адбываюцца цяпер на польска-беларускай мяжы. Мы ўжо вызначылі найбольш імаверныя ўчасткі, магчымыя для масавага знаходжаньня мігрантаў на тэрыторыі каля межаў Украіны. Адказ украінскіх праваахоўнікаў будзе жорсткі, дакладны, карэктны і ў межах законаў», — удакладніў міністар.
Дзяніс Манастырскі паведаміў, што на ўзмацненьне аховы ўкраінскага ўчастку мяжы зь Беларусьсю накіроўвае 8,5 тысячы жаўнераў-памежнікаў, паліцыянтаў і гвардзейцаў. Паводле яго, будуць дзяжурыць 15 верталётаў Міністэрства ўнутраных справаў, каб пры неабходнасьці перакідваць сілы на мяжу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украінскі міністар: «Мы рыхтуемся да сцэнараў, падобных тым, што адбываюцца цяпер на польска-беларускай мяжы»ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Новыя спробы прарыву мяжы і эўрапейскія санкцыі. Мігранцкі крызіс: што адбываецца 11 лістапада