Палітзьняволеная Вольга Маёрава: «Мова стала сродкам зносін высокаадукаваных слаёў насельніцтва, а да сацыяльных нізоў яшчэ не дабралася»

Вольга Маёрава

Палітзьняволеная піша, што ў турме № 1 не хапае кніг па-беларуску.

Палітзьняволеная грамадзкая актывістка Вольга Маёрава, затрыманая ў «справе Аўтуховіча», даслала на волю ліст пра свае адносіны зь беларускай мовай, распавядае «Вясна».

«Я разумею, як цяжка перайсьці ад пісьма па-беларуску да размовы па-беларуску. Я таксама знаходжуся зараз у выключна расейскамоўным атачэньні, бо сытуацыя моўная вельмі аптымістычна для мяне зьмянілася — мова стала сродкам зносін высокаадукаваных слаёў насельніцтва, а да гэтых тутэйшых сацыяльных нізоў яна яшчэ не дабралася. Думаю, што такога становішча не было на Беларусі з часоў Вялікага Княства Літоўскага, калі ўсё справаводзтва дзяржавы было на беларускай мове, а значыць, гэта была мова інтэлектуальнай эліты».

Таксама Маёрава піша, што «дастаткова сказаць канвою „дзякуй“ — і нічога нікому больш тлумачыць ня трэба. Вельмі гэта скарачае шляхі ўзаемаразуменьня паміж рознымі людзьмі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цытаты праз краты. «Усё мінае, і гэта міне»

Адсутнасьць суразмоўцаў для Вольгі моцна кампэнсуецца чытаньнем кніг на беларускай мове, хоць такія цяжка атрымаць за кратамі.

«Але ж увогуле атрымаць тут добрую літаратуру — гэта нячастае шчасьце, таму я ня скарджуся. Да таго ж, я дачка бацькі, які прыехаў з расейскага Іванава ў 17 гадоў, і маці з татарскай сям’і з Казані. Зразумела, што ў нашай сям’і ніколі ніхто не размаўляў па-беларуску. Мне і зараз почасту не хапае лексікі, а пагугліць тут немагчыма. Я не лічу гэта горам, проста чытаю, пішу і размаўляю яе магу пакуль. А пачынала я з простага „прывітаньне“ і „дзякуй“ у крамах».

Яшчэ палітзьняволенай вельмі не хапае друкаваных матэрыялаў па гісторыі Беларусі, але даслаць літаратуру ёй немагчыма.

«Выручаюць людзі, якія дасылаюць лісты з рознымі расповедамі і матэрыяламі. Напрыклад, у мяне нават ёсьць „Лісты з-пад шыбеніцы“ Кастуся Каліноўскага і расповед аб лёсе рамана Караткевіча „Каласы пад сярпом тваім“».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Страшна не дажыць». Што новага ў фігурантаў «справы Аўтуховіча»?

У пачатку студзеня 2021 году супрацоўнікі КДБ прыехалі ў вёску Нача Крупскага раёну, дзе арыштавалі мясцовую жыхарку, былую актывістку АГП і валянтэрку руху аховы жывёлаў Вольгу Маёраву. Жанчыну вінавацяць паводле 289-га артыкулу аб тэрарызьме, пасьля СІЗА КДБ яе трымаюць у ізалятары ў Горадні. За кратамі Маёрава хварэла на каранавірус.

Паводле КДБ, у «групу Мікалая Аўтуховіча», апроч яго самога, уваходзілі 12 чалавек. Гэта сьвятар Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў. Уладзімер Гундар ды былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава, ведалі Аўтуховіча, падтрымлівалі зь ім сувязь і, па вэрсіі сьледзтва, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў. Прозьвішчаў астатніх сяброў «групы» не называлі.

Фігурантам справы аб падрыхтоўцы тэракту пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лісты палітвязьням я пачала адпраўляць з-за пачуцьця віны перад імі». Як і чаму беларусы перапісваюцца з палітвязьнямі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мова 404». Выйшла кніга пра дыскрымінацыю беларускамоўных у Беларусі