Варшава: Беларусь будуе кладкі на балоце для пераходу мігрантаў на польскі бок

Мігранты, затрыманыя каля Гайнаўкі на Падляшшы. Архіўнае фота

Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак 5 лістапада абвінаваціў беларускі рэжым у пабудове адмысловых кладак для мігрантаў, каб тыя маглі пераходзіць мяжу на польскі бок у балоцістай ваколіцы.

«Маштабы ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў эскаляцыі міграцыйнага крызісу велізарныя. Беларусы нават будуюць спэцыяльную інфраструктуру, каб штурхаць мігрантаў у Польшчу. Напрыклад, ёсьць кладкі, якія кіруюць людзей у балоцістыя мясцовасьці», — напісаў Блашчак у Твітэры і ілюстраваў свае словы адпаведным здымкам.

Тым часам польская паліцыя паведаміла аб затрыманьні машыны хуткай дапамогі зь мігрантамі замест пацыентаў. Здарэньне адбылося 4 лістапада каля Бельску на Падляшшы.

Калі паліцыянты спынілі аўтамабіль, кіроўца ўцёк. У машыне застаўся ягоны напарнік, грамадзянін Польшчы, і пяць грамадзянаў Іраку, якія нелегальна перайшлі беларуска-польскую мяжу. Кіроўцу паліцыя знайшла толькі з дапамогай верталёта.