Навіны палітвязьняў: Івуліну, Пушкіну і Мацкевічу працягнулі тэрміны знаходжаньня пад вартай

Алесь Пушкін

Па стане на 5 лістапада ў Беларусі 835 палітвязьняў.

Спартоваму журналісту, блогеру і футбалісту менскіх «Крумкачоў» Аляксандру Івуліну працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай на адзін месяц, паведамляе «Вясна».

Івулін знаходзіцца ў няволі з 4 чэрвеня і абвінавачваецца ў «арганізацыі ці актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спартовы журналіст Івулін дзякуе з-за кратаў за падтрымку і чакае прышчэпкі ад каранавірусу

Таксама працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай і мастаку Алесю Пушкіну. Гэтым разам да 30 студзеня 2022 году.

Пушкіна затрымалі 30 сакавіка ў вёсцы Жылічы і абвінавацілі ў «наўмысных дзеяньнях, скіраваных на рэабілітацыю і апраўданьне нацызму», за намаляваны ім партрэт беларускага антысавецкага партызана пасьляваенных часоў Яўгена Жыхара.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сяджу з крымінальнікамі, якія думаюць, што я хачу стаць прэзыдэнтам». Што піша палітвязень Алесь Пушкін

Філёзафа і мэтадоляга, грамадзкага дзеяча Ўладзімера Мацкевіча пакінулі за кратамі яшчэ на месяц.

Мацкевіча затрымалі 4 жніўня. У той жа дзень супрацоўнікі Камітэту дзяржбясьпекі правялі ў яго ператрусы паводле падазрэньня ў арганізацыі або ўдзеле ў дзеяньнях, якія парушылі грамадзкі парадак (артыкул 342 КК).

Нядаўна стала вядома, што артыкулы зьняволенага філёзафа правяраюць «на прыкметы распальваньня варожасьці». Праваабаронцы мяркуюць, што абвінавачаньне хочуць пашырыць ці перакваліфікаваць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прызначылі дату суду над палітзьняволенай Вольгай Залатар