«Лепш памерці тут, чым вяртацца ў Курдыстан». Як група мігрантаў 9 дзён жыла ў лесе на мяжы

Група мігрантаў зь Іраку ў атачэньні польскіх памежнікаў

Жыхар Іраку расказаў Радыё Свабода, як разам з групай у 16 чалавек ён на 9 дзён захрас у лесе паміж межамі. Зь ягоных словаў, ім даводзілася пераплываць халодную раку, яны мелі зь ежы толькі адну бульбіну штодня, і іх неаднаразова білі памежнікі з польскага і беларускага боку.

«Трэба два фота, пашпарт і 3500 даляраў»

Суразмоўцу менш за 30 гадоў. На радзіме ён займаўся сыстэмамі ацяпленьня, мае эканамічную адукацыю. Мы не называем ягонага імя дзеля бясьпекі, рэдакцыя мае гэтыя зьвесткі.

Разам з групай мужчын-мігрантаў з Курдыстану (аўтаномны рэгіён у Іраку) ён хацеў трапіць у Нямеччыну «беларускім шляхам». На пытаньне, адкуль яны даведаліся пра яго, суразмоўца кажа, што ў іх усе ведаюць пра гэты спосаб перасекчы мяжу.

«Трэба два фота і пашпарт. Гэта вельмі лёгка. Штодня людзі з Курдыстану едуць у Беларусь», — расказвае малады чалавек.

Кажа, што ў іх шмат якія фірмы займаюцца такімі паслугамі. Кошт на аднаго чалавека, каб дабрацца да Беларусі, — 3,5 тысячы даляраў. Калі мігрант здолее пры падтрымцы памочніка трапіць у Нямеччыну, то плаціць яшчэ 6,5 тысячы. То бок за ўсё — 10 тысяч даляраў.

Мігранты ў Менску

Перамяшчэньнем групы, распрацоўкай маршруту займаўся спэцыяльны чалавек з Курдыстану, якога называюць «качахчы», памагаты, які перакідае людзей празь мяжу (літаральна гэтае слова значыць «кантрабандыст»). Аднак сам ён не выяжджаў зь імі на месца — кіраваў дыстанцыйна. На месца разам з групай ехаў чалавек, якога называюць «рэбар», ён сачыў за маршрутам, накіроўваў групу. Ён, як і іншыя, хоча трапіць у Нямеччыну. Але за сваю працу па перамяшчэньні ён атрымлівае грошы.

«У Польшчы нас схапіла паліцыя і вельмі моцна пабіла»

Па словах жыхара Іраку, ляцелі яны праз Дубай. З аэрапорту мігранты паехалі ў менскі гатэль «Плянэта», яго для іх загадзя замовіла фірма з Курдыстану, якая ім дапамагала міграваць. Потым падрыхтаванымі машынамі яны пад’ехалі пад польскую мяжу ў Берасьцейскай вобласьці. Асыстэнт перарэзаў частку калючага дроту на польска-беларускай мяжы, так уцекачы трапілі ў Польшчу. Гэта адбылося 17 кастрычніка.

«У Польшчы нас схапіла паліцыя і вельмі моцна пабіла. У тую ж ноч яны перакінулі нас назад у Беларусь», — расказвае хлопец.

«Калі вы хочаце трапіць у Польшчу, мы вам дапаможам»

Людзі пайшлі ў лес, «джунглі», як іх называе суразмоўца, і разьвялі вогнішча, бо вельмі было холадна. Тады іх заўважылі і схапілі беларускія памежнікі.

«Яны сказалі нам: „Калі вы хочаце трапіць у Польшчу, мы вам дапаможам“. Запхнулі нас у машыну і сказалі, што зараз паедзем на польскую мяжу, бо яна будзе пустая», — прыгадвае гутарку хлопец.

Група мігрантаў у беларускім лесе

Калі яны прыехалі, то ўбачылі раку.

«Яна была вельмі халодная. Мы ўвайшлі ў раку і пераплылі яе. Пасьля мы беглі прыкладна 7 кілямэтраў. Тады нас зноў схапіла польская паліцыя, але гэта было ўжо вельмі кепска. Яны пабілі нас і забралі ў нас усе грошы: 1200 эўра і 1300 даляраў. Білі рукамі, нагамі, дручкамі, па целе, не па твары», — працягвае расказваць жыхар Іраку.

Зь ягоных словаў, у іх забралі некалькі дарагіх мабільных тэлефонаў, некаторыя разьбілі. Калі ён запытаўся, навошта памежнікі ўзялі грошы, яго зноў ударылі.

«Я сказаў: «Добра, вы забралі нашыя грошы, але вярніце нам тэлефоны, каб мы маглі паведаміць сваім сем’ям, што з намі». Яны мне адказалі: «Маўчы» — і трымалі нас яшчэ каля 2 гадзін. Было вельмі холадна. Потым яны сказалі: «Калі вы ня будзеце размаўляць, мы давязём вас да Нямеччыны», — пераказвае хлопец гутарку з польскімі памежнікамі.

Мігранты ў атачэньні польскіх памежнікаў. Ілюстрацыйнае фота

Аднак уцекачоў пасадзілі ў машыны, прывезьлі зноў на беларускую мяжу і накіравалі ў лес. Праз гадзіну групу зноў схапілі беларускія памежнікі. Іх завезьлі ў «лягер» на беларускай тэрыторыі.

«Пра якія грошы вы гаворыце? Нам трэба дровы»

«Насамрэч ніякага лягера не было, гэта яны так называлі. Які ж гэта лягер — бязь ежы, безь ніводнай рэчы?» — кажа мігрант пра месца, дзе яны знаходзіліся на беларускай мяжы.

У «лягеры» не было даху над галавой, гэта проста месца пад адкрытым небам, дзе трымалі і іншых мігрантаў. Там іхняя група ўбачыла чатыры сям’і з малымі дзецьмі і яшчэ два дзясяткі мужчын.

Мігранты, што трапілі праз тэрыторыю Беларусі ў Польшчу. Ілюстрацыйнае фота

Памежнік папрасіў героя гэтай гісторыі паказаць ягоны тэлефон. Калі памежнік убачыў там здымкі зь лесу, то разьбіў мабільнік.

«Было вельмі холадна. Я сказаў яму, што нам трэба сабраць дровы. Ён мне адказаў: „Добра, вы дапаможаце мне — я дапамагу вам“. Калі я ўдакладніў, што ён мае на ўвазе, ён адказаў: „Грошы“. — „Пра якія грошы вы кажаце? Нам трэба дровы, вельмі холадна“. — „Маўчы“», — пераказвае размову мігрант.

У выніку ён не плаціў, бо яны ашчаджалі грошы. Калі ім дазвалялі, яны самі зьбіралі дровы для вогнішча. Увесь час мігранты былі пад наглядам людзей у форме.

Цягам 9 дзён елі толькі адну бульбіну на дзень

У лесе група прабыла 9 дзён. Яны амаль нічога ня елі ўвесь гэты час. У «лягеры» быў спэцыяльны чалавек, які мог выконваць просьбы ўцекачоў: прынесьці ежы або дроваў, але за ўсё ён прасіў грошы. Бясплатна ён выдаваў толькі па адной бульбіне на чалавека на 1–2 дні.

Пасьля некалькіх дзён у лесе на беларускай тэрыторыі да групы зноў прыйшоў хтосьці з начальства памежнай службы і запытаўся, ці хочуць яны ў Польшчу.

«Калі мы сказалі, што хочам у Польшчу, нам адказалі, што павязуць нас зноў да ракі. Калі сказалі, што хочам у Менск, нам адмовілі. Тады я сказаў, што хачу ў Літву. Нас пасадзілі ў машыну, нібыта каб везьці ў Літву, але там нас пабілі нагамі», — успамінае хлопец.

Іхную групу зноў прывезьлі да ракі. Памежнікі не адыходзілі, пакуль мігранты не зайшлі ў халодную ваду. Калі яны зьехалі, людзі выйшлі з ракі і зноў пайшлі ў лес. Праз сваіх сяброў, якія ў той час былі ў Менску, яны дамовіліся, каб у лес па іх прыехала машына, і вярнуліся ў беларускую сталіцу. Памежнікі ў той раз за імі не сачылі і не затрымалі іх, калі яны выехалі ў Менск. Іхная першая спроба трапіць у Нямеччыну скончылася 31 кастрычніка.

Мужчына паказаў фота ступняў, якія доўгі час былі вільготнымі ў лесе, а таксама высыпку на руках пасьля падарожжа на мяжу. Таксама ён даслаў відэа, дзе відаць, як яны чэрпалі ваду, каб піць, зь непразрыстай ракі.

Ён адзначае, што беларускія памежнікі закрываюць вочы або нават дапамагаюць, калі мігранты ідуць у Эўропу.

«Нас так выкарыстоўваюць. Калі наш асыстэнт разразаў плот, у лесе пачало зьвінець, але ніхто да нас не прыйшоў, хоць там побач павінны былі быць памежнікі. А ўжо калі мы вярталіся з польскай тэрыторыі, тады нас хапалі», — тлумачыць хлопец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У цэнтры Менску памёр мужчына з Іраку; дэпутат прапанаваў «падатак на багацьце». Найважнейшае за 31 кастрычніка

Шмат людзей засталіся ў лесе на памежжы

Са словаў нашага суразмоўцы, хоць іхная група з 16 чалавек здолела выбрацца з памежжа ў горад, частка мігрантаў застаюцца паміж межамі Беларусі і Польшчы пад адкрытым небам на холадзе. Сярод іх ёсьць жанчыны і малыя дзеці ва ўзросьце прыкладна ад 3–4 гадоў. Яны ўжо гатовыя вярнуцца назад на радзіму, але іх не выпускаюць зь «лягера» беларускія памежнікі.

Група мігрантаў, якая вярнулася ў Менск, пакуль застаецца ў Беларусі. Каб вярнуцца на радзіму, фірмы просяць зь іх ужо 4,1 тысячы даляраў.

Аднак наш суразмоўца нават пасьля ўсіх нягодаў на памежжы марыць трапіць у Нямеччыну, знайсьці там працу, паслаць грошы сваёй сям’і на радзіму. Ён перакананы, што ў Беларусі працы ён ня знойдзе, бо тут хапае спэцыялістаў па ацяпленьні.

«Лепей памерці тут, чым вяртацца ў Курдыстан. Я там скончыў унівэрсытэт, аднак працы не знайшоў. У нас моцны падзел на вельмі багатых і вельмі бедных. У нас ёсьць горад Кіркук, дзе шмат нафты. Наш старшыня прадае нафту па ўсёй краіне. Ягоная сям’я — мафіёзі. І ўсе мы хацелі там працаваць на гэтага чалавека, хоць ён вельмі нядобры чалавек, або на іншую багатую сям’ю», — расказвае жыхар Іраку, чаму ён наважыўся на міграцыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Або Польшча, або сьмерць». Што кажуць мігрантам беларускія памежнікі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны ня плакалі, яны літаральна вылі». Хто таемна дапамагае ўцекачам на мяжы Беларусі і Польшчы