Мігранты. У Польшчы ад жніўня прадухілі 30 тысяч нелегальных пераходаў мяжы; Літва скарэктавала Стратэгію нацыянальнай бясьпекі

Мігрантка ў грузавіку на польскай мяжы

Памежная варта Польшчы паведаміла, што самым цяжкім месяцам у пляне міграцыі стаў кастрычнік. У Літве назвалі Беларусь адной з галоўных пагроз нацыянальнай бясьпецы.

Польскія памежнікі ад жніўня да пачатку лістапада налічылі звыш 30 тысяч спробаў нелегальнага пераходу дзяржаўнай мяжы зь беларускага боку. Напярэдадні былі яшчэ 433 такія спробы. 9 мігрантаў затрымалі, іншых адправілі назад.

Больш за 3,5 тысячы спробаў было на пачатку міграцыйнага крызісу, у жніўні. У верасьні колькасьць вырасла ўжо да 7,5 тысячы. Кастрычнік стаў самым напружаным месяцам на памежжы — звыш 17 тысяч спробаў нелегальна ўварвацца ў Польшчу.

Таксама за папярэдні дзень польскія ўлады выдалі 67 пастановаў затрыманым раней мігрантам з патрабаваньнем неадкладна пакінуць краіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Тры асобы са зброяй праніклі зь Беларусі ў Польшчу. Варшава выказала пратэст

Дзяржаўная памежная служба Літвы за мінулы дзень не пусьціла ў краіну з боку Беларусі 87 мігрантаў, інфармуе Delfi.lt.

З пачатку жніўня, калі памежнікі атрымалі права адмаўляць іншаземцам, якія трапілі ў краіну празь Беларусь, 5565 чалавек ня ўехалі ў Літву і былі адпраўленыя назад.

Напярэдадні ўрад Літвы зацьвердзіў абноўленую Стратэгію нацыянальнай бясьпекі, якая паказвае на пагрозы бясьпецы з боку Расеі, Беларусі і Кітаю, паведаміла агенцтва BNS.

«У кантэксьце глябальных і рэгіянальных працэсаў, якія адбываюцца ў апошнія гады, міжнародная сыстэма становіцца ўсё больш непрадказальнай. З нарастаньнем супрацьстаяньня аўтарытарных і дэмакратычных дзяржаў, для ўсёй эўраатлянтычнай супольнасьці», — гаворыцца ў дакумэнце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Урад Літвы працягнуў на тры месяцы мандат войска на ахову мяжы з Беларусьсю

У Стратэгіі прыходзяць да высновы, што Літва мусіць мець магчымасьць адаптавацца да гэтых зьменаў. Сьпіс пагрозаў таксама ўключае ў сябе працу Астравецкай АЭС у Беларусі, недалёка ад літоўскай мяжы, кібэратакі і інфармацыйныя атакі, рост уплыву тэхналёгій, рост рэлігійнага экстрэмізму ў Эўропе, замарожаныя канфлікты, зьмяненьне клімату і ўзьдзеяньне пандэміі COVID-19.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Эўразьвяз зь Беларусі за дзень не прапусьцілі больш за паўтысячы чалавек