«Думаю, прысуд даўно напісаны». Бацька анархіста Мікалая Дзядка камэнтуе тэрмін, запрошаны для сына

Мікола Дзядок, архіўнае фота

Пракурор Антон Цюменцаў запрасіў для анархіста Мікалая Дзядка пяць гадоў калёніі.

Суд над Мікалаем Дзядком аднавіўся 3 лістапада пасьля больш як трох месяцаў перапынку. На сёньняшнім паседжаньні прайшлі судовыя спрэчкі. Прамову пракурора Дзядок-старэйшы назваў «вельмі фармальнай», а ў тое, што дзяржаўны абвінаваўца перакананы ў вінаватасьці ягонага сына, Аляксандар Дзядок, сам былы судзьдзя, ня верыць, бо лічыць абвінавачаньне «відавочна бяздоказным».

«Па-першае, я і раней ня меў ілюзій наконт цяперашняга беларускага правасудзьдзя, якое справядлівым не лічу. І суд над сынам гэта зноў для мяне пацьвердзіў, настолькі ён паказальны і несправядлівы.

Па-другое, прамова пракурора была надзвычай фармальнай, такой бяздоказнай прамовы ня памятаю. Было відаць, што доказы яму былі і не патрэбны. Як вынік — тыя 5 гадоў, запрошаныя як агульнае пакараньне.

Адзначу, што па кожным з трох абвінавачаньняў пракурор запрасіў фактычна па максымуме таго, што прадугледжвае Крымінальны кодэкс. Хаця нават з таго, што сабрана ў справе, база доказаў не выглядае аднолькава роўнай.

Што будзе праз тыдзень? Думаю, суд пойдзе такім жа шляхам і прысудзіць роўна столькі, колькі запрасіў пракурор. Бо прысуд даўно напісаны, і напісаны яўна не ў судовых кабінэтах», — мяркуе Аляксандар Дзядок.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Перад судом над Дзядком выклікалі сапэраў. Пасьля аднаўленьня працэсу пракурор запрасіў для палітвязьня 5 гадоў калёніі

Міколу Дзядка абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:

  • незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, паражальная дзейнасьць якіх грунтуецца на выкарыстаньні гаручых рэчываў (ч. 1 арт. 295-3);
  • арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342);
  • заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы пры дапамозе інтэрнэту (ч. 3 арт. 361).

Віны ні па адным з выстаўленых абвінавачаньняў Мікалай Дзядок не прызнаў. Таксама ён не прызнаў у поўным аб’еме выстаўлены яму «Менсктрансам» матэрыяльны пазоў на больш як 5 тысяч рублёў нібыта за ўдзел у блякаваньні дарог.

Аляксандар Дзядок, бацька Мікалая. Архіўнае фота

Таксама Аляксандар Дзядок пракамэнтаваў апошняе слова, зь якім пасьля спрэчак выступіў ягоны сын Мікалай.

«Прамова сына была вельмі кароткай. Ён падзякаваў усім, хто яму дапамагаў, за салідарнасьць і падтрымку — гэта былі вельмі добрыя і пранікнёныя словы. І сказаў у канцы пра свае перакананьні ў хуткай перамозе сілаў прагрэсу і дабра. Што тэрор людзям, якія стаяць за падобнымі судамі, не дапаможа, у чым я зь ім згодны», — сказаў Дзядок-старэйшы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рыхтаваўся да этапу, але пакінулі ў «Амэрыканцы». Справу Аліневіча перадалі ў суд

3 лістапада працэс над Мікалаем Дзядком ў Менскім гарадзкім судзе пачаўся з затрымкай больш як на паўгадзіны з прычыны ананімнага сыгналу пра міну ў будынку.

«Цяжка сказаць, наколькі гэта было сур’ёзна. Але раптам аднекуль зьявілася шмат міліцыянтаў, ачапілі будынак, нібыта сапраўды правяралі, праз 20-25 хвілін пачалі прапускаць людзей у суд. Там потым усё праходзіла спакойна. Мікалай трымаўся годна, выглядае ён добра, аб праблемах зь ціскам не гаварыў», — расказаў пра падзеі ў судзе Дзядок-старэйшы.

Ён таксама адзначыў, што на судовым паседжаньні амаль усе былі ў мэдычных масках.

«Акрамя аднаго чалавека, усе надзелі маскі. Мікалай быў у масцы, наведнікі, адвакат, пракурор, суд, ахоўнік — усе. Бяз маскі была толькі тая самая супрацоўніца дзяржаўнай газэты, якая асьвятляе працэс. Не хачу называць яе празьвішча», — сказаў Аляксандар Дзядок.

Прысуд Мікалаю Дзядку абвесьцяць раніцай 10 лістапада.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чуў, што ўсе СМІ пазакрывалі. Ня думаў, што дажыву да такога». Пра што піша з калёніі зьняволены блогер Сьпірын
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пазбаўляюць магчымасьці абараняцца. Ужо адразу б нас прыгаварылі. Навошта гэты фарс». Што піша Ціханоўскі маці з турмы