Адваката, які абараняе палітвязьня Пачобута, папярэдзілі пра «неадпаведнасьць патрабаваньням заканадаўства»

Адвакат Аляксандар Бірылаў, архіўнае фота

Аляксандар Бірылаў, адвакат горадзенскага журналіста і палітычнага вязьня Андрэя Пачобута, атрымаў несуцяшальнае паведамленьне зь Міністэрства юстыцыі.

Там указваецца, што кваліфікацыя гэтага юрыста нібыта «ня цалкам адпавядае патрабаваньням заканадаўства».

Такую пастанову вынесла кваліфікацыйная камісія ведамства ў пытаньнях адвакацкай дзейнасьці ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як улады зьнішчаюць незалежную адвакатуру ў Беларусі. Фільм Свабоды

Аляксандру Бірылаву далі паўгода на тое, каб выканаць прыкладзеныя рэкамэндацыі, пасьля чаго будзе праведзеная новая атэстацыя.

Ліцэнзіі горадзенскага адваката пакуль не пазбаўлялі.

Цягам апошняга часу безь ліцэнзій пакінулі ўжо цэлы шэраг юрыстаў, якія прадстаўлялі інтарэсы палітвязьняў. Напрыклад, асуджанага на 14 гадоў зьняволеньня прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку такім чынам цалкам пазбавілі права на абарону. А адзін зь ягоных адвакатаў Максім Знак і сам пакараны 10 гадамі калёніі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Топ-10 адвакатаў, пазбаўленых ліцэнзій за палітычныя справы, і каго яны абаранялі

Ад мінулага году агулам бяз працы засталіся прыкладна два дзясяткі дасьведчаных юрыстаў, некаторыя зьехалі зь Беларусі.