У Грузіі ў другім туры выбараў перамагла кіроўная партыя. Апазыцыя рыхтуе «грандыёзную» акцыю пратэсту

Міканор Мэлія

Цэнтральная выбарчая камісія Грузіі апублікавала папярэднія зьвесткі другога тура выбараў у органы мясцовага самакіраваньня. У большасьці гарадоў і муніцыпалітэтаў падлічаны дадзеныя са 100% участкаў, у Тбілісі — 99,87% (няма дадзеных толькі з аднаго ўчастка).

У 19 з 20 гарадоў выйграюць кандыдаты ад кіроўнай партыі «Грузінская мара», кандыдат ад апазыцыйнага «Адзінага нацыянальнага руху» перамагае толькі ў Цаленджыху.

Па дадзеных ЦВК, дзейны мэр Тбілісі Каха Каладзэ набраў 55,6% галасоў, а яго канкурэнт ад апазыцыйнай партыі «Адзіны нацыянальны рух» Міканор Мэлія — 44,4%.

Грузінская апазыцыя заявіла аб фальсыфікацыях і адмовілася прызнаваць вынікі другога тура муніцыпальных выбараў. Міканор Мэлія, кіраўнік «Адзінага нацыянальнага руху» і паплечнік Міхэіла Саакашвілі, заклікаў суайчыньнікаў да «бескампраміснай барацьбы». Ён паведаміў, што 7 лістапада ў Тбілісі мае адбыцца «грандыёзная» акцыя пратэсту на плошчы Свабоды.

Па выніках першага тура галасаваньня 2 кастрычніка кіроўная партыя абышла рух Саакашвілі, набраўшы больш за 46% галасоў. Аднак апазыцыі ўдалося паказаць лепшыя вынікі ў трох з пяці найбуйнейшых гарадоў краіны: Батумі, Кутаісі і Зугдзідзі.

Выбары разглядаюцца як рэфэрэндум аб даверы кіроўнай партыі «Грузінская мара» і праходзяць на фоне вяртаньня ў Грузію былога прэзыдэнта і грамадзяніна Ўкраіны Міхэіла Саакашвілі, а таксама яго затрыманьня і зьняволеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Канфэрэнцыя ААН па клімаце пачалася ў Глазга
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Усе ў паніцы зьбеглі». Рэпрэсіі ў Беларусі за любоў да Віктара Цоя