Уцёкі з пагоняй на Падляшшы. Паліцыя затрымала 8 кур’ераў, якія перавозілі мігрантаў ад мяжы зь Беларусьсю

Мігрант з Самалі пасьля пераходу беларуска-польскай мяжы на польскі бок

Паліцыя Падляскага ваяводзтва затрымала наступных васьмёх кур’ераў, якія перавозілі мігрантаў ад мяжы зь Беларусьсю ўглыб Польшчы.

Пра гэта паведамляе агенцтва PAP, адзначаючы, што затрыманымі кантрабандыстамі былі грамадзяне Латвіі, Грузіі, Сырыі, Іраку, Украіны, Нямеччыны і Чэхіі. Агулам яны перавозілі блізу 60 мігрантаў, якіх паліцыянты таксама затрымалі і перадалі Памежнай варце.

Аднаго з «кур’ераў», 35-гадовага грамадзяніна Іраку, паліцыя затрымала пасьля пагоні, падчас якой ягонае аўта страціла кіраваньне і кульнулася ў кювэт.

З пачатку міграцыйнага крызісу да гэтага часу польскія паліцыянты і памежнікі затрымалі 198 чалавек, якія нелегальна перавозілі агулам 889 мігрантаў.

У сваю чаргу Памежная варта паведаміла, што за апошнія суткі памежнікі адзначылі 511 спробаў нелегальнага перасячэньня беларуска-польскай мяжы. На польскім баку памежнікі затрымалі 13 мігрантаў з Іраку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Польскі парлямэнт ухваліў будаўніцтва сьцяны на мяжы зь Беларусьсю. За дзень у краіну спрабавалі трапіць 511 мігрантаў