Мінздароўя Беларусі хоча вакцынаваць 5 мільёнаў чалавек да канца году, каб спыніць эпідэмію каранавірусу

Каранавірусная палата, ілюстрацыйнае фота

Кіраўнік ведамства Дзьмітры Піневіч заявіў, што зьнізілася колькасьць хворых на каранавірус і шпіталізаваных з пнэўманіяй.

У размове з журналістамі міністар аховы здароўя Беларусі сказаў, што аналіз сытуацыі выклікае «асьцярожны аптымізм».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каранавірус па-беларуску. Што не пакажуць па дзяржаўнай тэлевізіі. ВІДЭА

Піневіч мяркуе, што да канца году прышчэпкі зробяць сама меней 5 мільёнаў беларусаў. На гэты момант прынамсі адзін кампанэнт вакцыны атрымалі прыкладна 2 мільёны 900 тысяч жыхароў краіны.

«У абароце цяпер знаходзіцца 1 мільён дозаў першых кампанэнтаў розных вакцынаў, таксама плянуем атрымаць яшчэ пастаўку. Мяркую, да заканчэньня гэтага году будзем мець лічбу ў 5 мільёнаў вакцынаваных. Гэта дазволіць нам спыніць эпідэміялягічны працэс», — цытуе міністра тэлеграм-канал ведамства.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​Чаму Лукашэнка стаў ковід-дысыдэнтам

Кіраўнік ведамства сказаў, што ў наяўнасьці дастаткова кітайскай вакцыны, якой прышчапляюць перадусім цяжарных і кормячых маці. Чыноўнік нагадаў, што разумнае дыстанцыяваньне і нашэньне масак — эфэктыўны элемэнт абароны.