У Менску з транспарту за ноч зьніклі абвесткі пра масачны рэжым. ФОТА

Аўтобус без налепкі пра транспартны рэжым, 26 лістапада 2021 году, Менск

25 кастрычніка ў сацыяльных сетках апублікавалі некалькі загадаў начальства аўтапаркаў, дзе дырэктары пасьля загаду Лукашэнкі абяцалі не дапусьціць да рэйсаў транспарт, дзе застануцца нагадваньні пра маскі.

У Менску на грамадзкім транспарце зьнялі абвесткі аб абавязковым нашэньні масак, а з аўтобусаў, тралейбусаў, трамваяў і мэтро 26 кастрычніка прапалі і гукавыя апавяшчэньні пра масачны рэжым.

У «Менсктрансе» Онлайнеру пацьвердзілі, што перасталі апавяшчаць у транспарце пра масачны рэжым, што адменены тэматычныя бягучыя радкі, больш не ўключаюць паведамленьні па гучнай сувязі. Там растлумачылі гэта тым, што было адкліканае ранейшае распараджэньне аб неабходнасьці масак.

У Менску і Горадні пасьля заявы Лукашэнкі ня ўсе ўстановы адмянілі масачны рэжым. ФОТАГАЛЕРЭЯ

19 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка правёў нараду аб эпідэміячнай сытуацыі і раскрытыкаваў абавязковы масачны рэжым. Ужо 22 кастрычніка Міністэрства здароўя адмяніла абавязковае нашэньне масак у грамадзкіх месцах насуперак рэкамэндацыям Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя і сваім ранейшым загадам.

25 кастрычніка на шэрагу прадпрыемстваў прама загадалі прыбраць усе нагадваньні пра масачны рэжым з грамадзкіх месцаў, транспартных сродкаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фатафакт. Курсанты МНС за хакейную каманду Лукашэнкі заўзеюць бяз масак

У адказ на адмаўленьне Лукашэнкам сур’ёзнасьці каранавірусу беларусы ў сацыяльных сетках пачалі флэш-моб пад назвай «Насі маску, калі ты супраць Лукашэнкі». Неўзабаве і адбылася нарада з загадам Лукашэнкі скасаваць нядаўна ўведзены масачны рэжым.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Ціханоўская заклікала беларусаў ізноў узяць барацьбу з COVID-19 у свае рукі

Раней Міністэрства здароўя заявіла пра чацьвёртую хвалю каранавірусу ў краіне і падрыхтаваныя пад гэта аддзяленьні і ложкі, выказалася за датрыманьне сацыяльнай дыстанцыі і нашэньне масак. Але міністар Дзьмітры Піневіч ніяк не запярэчыў Лукашэнку на патрабаваньні скасаваць абавязковае нашэньне масак у грамадзкіх месцах.

Зьнікненьне абвестак пра масачны рэжым у Менску, 26 кастрычніка 2021

Паводле журналісцкіх расьсьледаваньняў і выказваньняў незалежных мэдыкаў, статыстыка сьмяротнасьці ад COVID-19 у Беларусі можа штучна заніжацца ўладамі ў некалькі разоў.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ