Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва (НАК) Павал Латушка атрымаў адказ на свой ліст ад міністаркі замежных спраў Новай Зэляндыі Нанаі Махута, у якім кіраўніца зьнешнепалітычнага ведамства паведаміла, што Новая Зэляндыя прытрымліваецца даўняй палітыкі не прымаць афіцыйных актаў прызнаньня ўрадаў, аддаючы перавагу, каб аб прызнаньні можна было судзіць паводле характару і ўзроўню адносінаў з урадам замежнай дзяржавы.
Махуто паведаміла Латушку, што Новая Зэляндыя прыпыніла двухбаковыя палітычныя (міжміністэрскія) адносіны на высокім узроўні з Беларусьсю, у тым ліку на ўзроўні амбасадараў дзьвюх краінаў.
«Вітаю рашэньне ўраду Новай Зэляндыі аб поўным спыненьні адносінаў з рэжымам Лукашэнкі, які ўзурпаваў уладу ў Беларусі, што па сутнасьці азначае непрызнаньне Лукашэнкі і яго ўраду», — адзначыў Павел Латушка.
Раней Новая Зэляндыя ўнесла ў санкцыйны сьпіс больш за 70 прадстаўнікоў беларускага ўладнага істэблішмэнту, уключаючы самога Лукашэнку, чальцоў яго адміністрацыі, выбаркамаў, а таксама бізнэсоўцаў і супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая Зэляндыя ўвяла санкцыі супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня