22 кастрычніка пачаўся арганізацыйны сход Беларускага лічбавага руху. Што гэта за ініцыятыва? 

Zoom-сустрэча, ілюстрацыйнае фота

Ужо 22 кастрычніка кожны беларус зможа стаць сувэрэнным уладальнікам сваёй лічбавай ідэнтычнасьці, заяўляе незалежная ініцыятыва «МэтаБеларусь».

«МэтаБеларусь» — незалежнае экспэртнае аб’яднаньне лічбавых грамадзянскіх ініцыятыў беларусаў усяго сьвету. Фундацыя грунтуецца на агульным бачаньні новай Беларусі — незалежнага самакіраванага грамадзтва, якое:

  • выкарыстоўвае лічбавыя тэхналёгіі ў якасьці непадкупнага памочніка, арыентаванага на чалавека, а не прыбытак або ўладу;
  • абараняе кожнага канкрэтнага чалавека і ягоную ўласнасьць;
  • спрыяе максымальнай рэалізацыі людзкога патэнцыялу;
  • забясьпечвае людзей усім неабходным перад пагрозамі лякальных і глябальных выклікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сярэдняе ахвяраваньне — 30 эўра». 20 пытаньняў і адказаў пра сэрвіс «еЗдоровье» для падтрымкі рэпрэсаваных мэдыкаў і зручнасьці пацыентаў

Місія Беларускага лiчбавага руху

Гэта калябарацыя грамадзянскіх ініцыятыў у лічбавай прасторы дзеля таго, каб дасягнуць унівэрсальнага разуменьня і гатовасьці грамадзянскай супольнасьці да лічбавага кіраваньня падзеямі ў Беларусі (рэфэрэндум, фармаваньне ўстаноўчага сходу, вядзеньне перамоваў па перадачы ўлады, уплыў на дзейных палітыкаў і г.д.).

Але каб грамадзтва змагло пасьпяхова паставіць і вырашыць свае задачы, яна мусіць спачатку:

  • сфармаваць агульную мову для камунікацыі паміж сабой;
  • самавызначыцца на аснове салідарнай базы;
  • сфармуляваць выразную праблему грамадзтва;
  • знайсьці спосаб вырашэньня праблемы і вырашыць супярэчнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вытворца тэхналёгій для ўзлому мабільнікаў перастаў працаваць зь Беларусьсю

Мэты арганізацыйнага сходу

Цягам 22–24 кастрычніка пройдзе першы арганізацыйны сход для грамадзянскіх ініцыятыў, НКА, бізнэсу і ўсіх грамадзян Беларусі, якія хочуць зьмяніць жыцьцё ў сваёй краіне да лепшага. Кожны можа стаць сузаснавальнікам Беларускага лічбавага руху. Рэгістрацыя ініцыятывы па спасылцы на фармуляр.

Імпрэза праводзіцца ў інтэрактыўным фармаце цыклю гульняў. Першая прыступка — гэта пачатковы ўзровень працы з інструмэнтамі зьмястоўнай камунікацыі. Задача — сфармуляваць агульнае разуменьне, што такое грамадзянская супольнасьць, як фармуюцца працэсы супрацоўніцтва і адбываецца аб’яднаньне розных сілаў на лічбавай аснове (гульня праходзіць на плятформах Zoom і blr.by, неабходна атрымаць вэрыфікацыю з дапамогай Мэта-ID).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кібэрпартызаны» атрымалі пашпартныя дадзеныя і фота ЎСІХ беларусаў. Фактчэк «Настоящего времени» і інтэрвію з хакерамі

Для тых, каму цікава суправаджаць працэс без актыўнага ўдзелу ў ім, ёсьць магчымасьць далучыцца ў якасьці назіральнікаў (вэрыфікацыя не абавязковая, неабходна толькі стварыць пашпарт на плятформе id.meta-belarus.org/).

Гульню праводзіць група фасылітатараў-экспэртаў, якія будуць дапамагаць камандам весьці рэй і спраўляцца з узьніклымі супярэчнасьцямі і цяжкасьцямі.

Праз гульню да надзённай практыкі

Па выніках сходу будзе сфармаваны арганізацыйны пратакол, а 24 кастрычніка адбудзецца онлайн прэс-канфэрэнцыя па выніках сходу ў Zoom з прадстаўнікамі каманды падтрымкі і назіральнай рады. Запіс канфэрэнцыі таксама будзе даступны на YouTube-канале.

Сход праходзіць на онлайн-плятформе blr.one, а таксама ў інфармацыйных каналах супольнасьці МэтаБеларусь ў Телеgram, Facebook або LinkedIn.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка даў параду чыноўнікам наконт інфармацыйнай бясьпекі: «Пішыце ад рукі і складайце ў шуфляду»

Арганізацыйны сход накіраваны на тое, каб даць людзям інструмэнты і магчымасьць прыйсьці да калектыўнага пагадненьня ў любым пытаньні. На перакананьне ініцыятараў, гэта самы важны элемэнт для фармаваньня грамадзянскай супольнасьці. Прапанаваны фармат дае магчымасьць бясьпечна камунікаваць і вырашаць супярэчнасьці.

Расклад працы арганізацыйнага сходу ТУТ.