Лукашэнка ня мог арганізаваць мігранцкі крызіс без дапамогі Расеі, — віцэ-міністар Літвы

Літоўскія вайскоўцы будуюць агароджу на мяжы зь Беларусьсю ў ліпені 2021 году

Аляксандар Лукашэнка ня мог самастойна арганізаваць цяперашні мігранцкі крызіс. Пра гэта заявіў віцэ-міністар замежных спраў Літвы Арналдас Пранцкявічус, адказваючы на пытаньне Радыё Свабода пра магчымую ролю Расеі.

Ён назваў штучна арганізаваны крызіс на мяжы Беларусі з Эўразьвязам «гібрыднай атакай».

«У нас няма доказаў, якія б указвалі на прамы ўдзел Расеі ў гэтым. Але з улікам вельмі шчыльнай каардынацыі Менску і Масквы на ўсіх узроўнях, асабліва ў пытаньнях спэцслужбаў, цяжка адкідаць такую гіпотэзу. Асабліва беручы пад увагу выдасканаленасьць схемы, вельмі добра сплянаваную апэрацыю з прыцягненьнем як дзяржаўных, гэтак і недзяржаўных арганізацый, а таксама кантрабандыстаў і крымінальных груп, якія раней удзельнічалі ў заходне-балканскім кірунку. Усё гэта патрабавала вялікай падрыхтоўкі. Мы сумняёмся, што Лукашэнка мог самастойна арганізаваць усё гэта», — сказаў Арналдас Пранцкявічус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Белавія» адказала на пагрозу санкцыяў Эўразьвязу за міграцыйны крызіс

Ён згадаў падобную гібрыдную атаку, калі ў 2015 годзе Расея адкрыла сваю мяжу для плыні ўцекачоў у Фінляндыю.

«То бок ужо быў вельмі падобны сваім паходжаньнем прэцэдэнт, але прамых доказаў у нас няма, — сказаў Арналдас Пранцкявічус. — З гібрыднымі атакамі заўжды складана знайсьці рэальныя доказы, бо іх мэта — якраз схаваць сьляды і ключавыя элемэнты».
Па словах віцэ-міністра замежных спраў Літвы, Лукашэнка «дэманструе найвышэйшую ступень цынізму».

«З аднаго боку, ён ізалюе ўласны народ: выходзіць з пагадненьня аб рэадмісіі з Эўразьвязам , закрывае наземныя межы. А з другога боку, штурхае ў Эўразьвяз тысячы чалавек з Багдаду і іншых месцаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чаму мігранты ідуць «беларускім маршрутам»

Пранцкявічус выказаў спадзеў, што Эўразьвяз зробіць далейшыя крокі ў бок увядзеньня новых санкцыяў і павелічэньня ціску на рэжым Лукашэнкі, а таксама ўдасканаленьня падтрымкі грамадзкай супольнасьці Беларусі. Ён таксама згадаў ініцыятыву Літвы наконт прыняцьця зьменаў у эўрапейскую палітыку прадстаўленьня прытулку і правілы памежнага рэжыму.