Пракуратура Грузіі расказала, якім чынам Саакашвілі ўехаў у Грузію

Міхэіл Саакашвілі

Пракуратура Грузіі вынесла пастанову адносна абвінавачаньня ў незаконным перасячэньні дзяржаўнай мяжы былым прэзыдэнтам краіны Міхэілам Саакашвілі.

Паводле зьвестак ведамства, Саакашвілі знаходзіўся на борце судна «Вільнюс», якое адправілася з украінскага Чарнаморску ў грузінскі Поці. У ноч на 29 верасьня судна ўвайшло ў порт, пасьля чаго адтуль выехаў трэйлер з прычэпам, загружаны малочнай прадукцыяй. У ім і знаходзіўся Саакашвілі. Пракуратура адзначыла, што знаходжаньне Саакашвілі ў трэйлеры пацьвярджаюць відэазапісы, адноўленыя зь ягонага тэлефона.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У цэнтры Тбілісі дзясяткі тысяч людзей патрабуюць вызваленьня Саакашвілі

Як паведамляе агенцтва «РИА Новости», па справе аб незаконным перасячэньні мяжы Міхэілам Саакашвілі ўжо арыштаваныя трое: кіроўца трэйлера, а таксама два супрацоўнікі порта Поці. 20 кастрычніка стала вядома пра затрыманьне чацьвёртага фігуранта справы — ён таксама працуе кіроўцам трэйлера, але з трыма іншымі затрыманымі ніяк не зьвязаны, заявіў яго адвакат.

1 кастрычніка Міхэіл Саакашвілі вярнуўся ў Грузію, у якой ня быў восем гадоў. Грузінскія праваахоўныя органы затрымалі былога прэзыдэнта, абвінаваціўшы яго ў незаконным перасячэньні мяжы. На гэты момант Міхэіл Саакашвілі знаходзіцца ў турме ў Руставі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для яго гэта апошняя магчымасьць вярнуцца ў грузінскую палітыку». Што чакае Саакашвілі і які плян маюць ягоныя паплечнікі