Вялікі банэр з партрэтам Калесьнікавай зьявіўся на будынку крамы ў Ленінградзкай вобласьці. Фатафакт

Марыя Калесьнікава, архіўнае фота

На будынку крамы ў пасёлку Руска-Высоцкае Ламаносаўскага раёну Ленінградзкай вобласьці зьявіліся партрэты беларускай палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай і расейскага апазыцыйнага палітыка Андрэя Піваварава, таксама кінутага за краты.

Такім чынам сваю салідарнасьць са змагарамі за праўду выказаў мясцовы прадпрымальнік і актывіст расейскай апазыцыі Дзьмітрый Скурыхін, якому і належыць крама, паведамілі ў твітэры Піваварава чальцы ягонай каманды. Гэта заўважылі Naviny.by.

Каардынатарку штабу Віктара Бабарыкі на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі 2020 году Марыю Калесьнікаву ўзялі пад варту 8 верасьня 2020 году. За дзень да гэтага невядомыя выкралі яе ў цэнтры Менску і спрабавалі вывезьці зь Беларусі, аднак на беларуска-ўкраінскай мяжы Марыя парвала пашпарт. 6 верасьня ў Менску быў вынесены прысуд — 11 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Марыя абвінавачаная ў спробе захопу ўлады, публічных закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы, і стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыю Калесьнікаву і Максіма Знака асудзілі на 11 і 10 гадоў калёніі адпаведна

Былому выканаўчаму дырэктару апазыцыйнага аб’яднаньня «Адкрытая Расея» Андрэю Півавараву 11 кастрычніка прадʼявілі абвінавачаньне ў «дзейнасьці непажаданай у Расеі арганізацыі», яму пагражае да 6 гадоў калёніі. Доказам яго віны сьледзтва лічыць 31 пост у фэйсбуку — у большасьці зь іх Півавараў крытыкаваў дзеяньні ўладаў і сілавікоў, адначасова падтрымліваючы апазыцыйных актывістаў. Палітык у СІЗА з чэрвеня 2021 году.