На саміце «Ўсходняга партнэрства» паставяць пустое крэсла з шыльдай «Belarus», чырвона-зялёнага сьцяга ня будзе

Беларусь і "Усходняе партнэрства"

15 сьнежня ў Брусэлі адбудзецца саміт «Усходняга партнэрства». Ён упершыню пройдзе без удзелу Беларусі, якая прыпыніла свой удзел у праграме Эўразьвязу.

Як даведаўся карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзвяк, на сустрэчы ня будзе дзяржаўнага сьцяга Беларусі, але арганізатары падрыхтуюць пустое крэсла і шыльду з назвай краіны. Пра гэта журналісту расказаў высокапастаўлены чыноўнік ЭЗ.

Беларусь абвясьціла, што прыпыняе свой удзел у ініцыятыве ЭЗ «Усходняе партнэрства», 28 чэрвеня. МЗС абгрунтаваў гэта «ўведзенымі Эўрапейскім Зьвязам беспрэцэдэнтнымі абмежавальнымі захадамі ў дачыненьні да Беларусі». Гаворка пра чацьвёрты пакет санкцый супраць беларускіх уладаў. У абмежавальным сьпісе 78 чалавек і 8 кампаній, актывы якіх будуць замарожаныя. Усьлед за ЭЗ санкцыі ў дачыненьні да фізычных і юрыдычных асоб, зьвязаных з рэжымам Лукашэнкі, увялі ЗША, Канада і Вялікая Брытанія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аднаўленьне дарог, мастоў, школаў і воднай інфрастуктуры. Што дало Беларусі «Ўсходняе партнэрства»

У санкцыйны сьпіс патрапілі такія кампаніі, як МАЗ, БелАЗ, «Белаэранавігацыя», Bremino Group, Globalcustom, «Новая нафтавая кампанія», Logex і Sohra. Сярод фізычных асоб — судзьдзі, сьледчыя, пракуроры, дэпутаты, прадстаўнікі дзяржаўных СМІ, адміністрацыя некаторых ВНУ, чыноўнікі і бізнэсоўцы.

ЭЗ таксама ўвёў сэктаральныя санкцыі, якія закранулі галіну нафтапрадуктаў, калійных угнаеньняў і доступу да рынкаў капіталу Эўразьвязу.

Праграма Ўсходняга партнэрства Эўразьвязу запачаткаваная ў 2009 годзе. Яна ўключае ў сябе Армэнію, Азэрбайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Ўкраіну. Яе мэта — наблізіць гэтыя краіны да ЭЗ без канкрэтнай прапановы далучэньня.

Праз праблемы з правамі чалавека і замарожваньнем дачыненьняў з Эўразьвязам у папярэднія гады Беларусь ня ўдзельнічала ў рэалізацыі двухбаковых праектаў у рамках «Усходняга партнэрства». Першы саміт «Усходняга партнэрства» прайшоў у 2009 годзе ў Празе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У адказ на санкцыі Беларусь прыпыніла сяброўства ў праграме Эўразьвязу «Ўсходняе партнэрства» і зрабіла іншыя захады