Старшынюе на відэасаміце Беларусь, удзел у ім узяў Аляксандар Лукашэнка. На саміце рыхтуюцца прыняць заяву ў сувязі з 30-годзьдзем Садружнасьці, піша БелТА.
Лукашэнка заявіў, што шчасьця ў эканоміцы краіны СНД павінны шукаць на ўнутраных рынках дзяржаў-членаў; ён думае, што супольныя дзеяньні дапамогуць пераадолець усе выклікі і пагрозы.
«Нідзе ні на якіх рынках нас ніхто не чакае. Рынкі даўно ўжо падзеленыя. Таму дай Бог утрымаць свае. І тут трэба шукаць сваё шчасьце».
Прэзыдэнт Азэрбайджану Ільхам Аліеў на саміце прапанаваў мірныя перамовы з Армэніяй.
«Вайна і канфлікт засталіся ў гісторыі. Мы гатовыя пачаць перамовы з Армэніяй аб дэлімітацыі мяжы пры ўмове ўзаемнага прызнаньня тэрытарыяльнай цэласнасьці і гатовы таксама пачаць перамовы аб мірнай дамове з Армэніяй. Спадзяёмся, што кіраўніцтва Армэніі ня ўпусьціць гэты гістарычны шанец».
Прэм'ер-міністар Армэніі Нікол Пашынян у адказ заявіў, што кіраўніцтва ў Ерэване зробіць усё магчымае дзеля міру і стабільнасьці ў рэгіёне.
Перад самітам было прызначана падпісаньне двух дакумэнтаў аб узаемадзеяньні ў сфэры бясьпекі. Гэта праект дамовы аб супрацьдзеяньні легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансаваньні тэрарызму і фінансаваньні распаўсюду зброі масавага зьнішчэньня, а таксама рашэньне пра кіраўніка Антытэрарыстычнага цэнтру СНД.
Горад Камрат (Малдова) плянуюць абвясьціць культурнай сталіцай Садружнасьці ў 2023 годзе.
Напярэдадні ў Менску ў вочным фармаце адбылося пасяджэньне Савету міністраў замежных спраў СНД. Яны абмеркавалі сытуацыю паблізу вонкавых межаў, пры гэтым асаблівую ўвагу ўдзялілі становішчу ў Цэнтральнай Азіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін на відэасаміце ЭўрАзЭС: «Санкцыі выкарыстоўваюцца Захадам як інструмэнт падрыву законных урадаў» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Расея ўказала». Пасьля арышту журналіста «Камсамолкі» Лаўроў абмеркаваў працу расейскіх СМІ ў Беларусі з Макеем