Зьміцер Дашкевіч прапанаваў новы фармат «Ночы расстраляных паэтаў»

Ноч расстраляных паэтаў у Курапатах, кастрычнік 2020

На думку Дашкевіча, сёлета варта ўспомніць расстраляных творцаў чытаньнем верша з адпаведным хэштэгам для сацыяльных сетак, бо немагчыма зьбірацца публічна.

Сёлета адзін з арганізатараў чытаньняў Зьміцер Дашкевіч прапанаваў зьмяніць фармат акцыі, паколькі ў сёньняшніх умовах небясьпечна ладзіць імпрэзы: сілавікі ўспрымаюць любы збор людзей як «несанкцыянаваную масавую акцыю».

«29 кастрычніка мы чарговы раз будзем узгадваць чорную ноч у гісторыі Беларусі. Такога злачынства, кажа Ўладзімер Арлоў, ня ведае гісторыя ніводнай эўрапейскай дзяржавы. Хацелася б 29 кастрычніка сустрэцца ў Курапатах — і, успамінаючы нявінна забітых, разважыць пра тое разам. Ды сем зьлейшых так узьбясіліся, што і гэтага ўжо ня зробіш. Але 29 кастрычніка запрашаю кожнага на сваім месцы згадаць „Ноч расстраляных паэтаў“: пад хэштэгам #Ночпаэтаў запішыце верш, прачытайце твор, паразважайце аб прычынах таго, што з намі адбывалася і адбываецца», — напісаў Дашкевіч.

29 кастрычніка 1937 году ў Курапатах пад Менскам карнікі савецкага НКУС расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Апошнія гады там праходзілі мэмарыяльныя сустрэчы, на якіх ушаноўвалі памяць расстраляных, чытаючы іх творы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ноч расстраляных паэтаў у Курапатах на фоне новых рэпрэсіяў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сядуць усе». У Горадні прайшла «Ноч нерасстралянай паэзіі». ФОТА