Украіна і ЭЗ падпісалі пагадненьне аб адзінай авіяцыйнай прасторы

Урсуля фон дэр Ляен, Шарль Мішэль і Ўладзімір Зяленскі. Кіеў, 12 кастрычніка 2021

На саміце Украіна-ЭЗ 12 кастрычніка ў Кіеве бакі падпісалі пагадненьне аб адзінай авіяцыйнай прасторы і шэраг іншых дакумэнтаў, у тым ліку аб удзеле Ўкраіны ў праграмах «Далягляд Эўропы» і «Творчая Эўропа».

Пра гэта паведамляе Deutsche Welle, спасылаючыся на брыфінг прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.

Пагадненьне аб агульнай авіяцыйнай прасторы паміж Украінай і ЭЗ прадугледжвае адкрыцьцё рынку авіятранспарту ды новыя магчымасьці як для спажыўцоў, так і для апэратараў. Чакаецца, што пагадненьне будзе спрыяць разьвіцьцю гандлю, турызму, інвэстыцый, а таксама патаньнеюць авіяквіткі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіну прыбыў груз вайсковай дапамогі ЗША

Праграма «Далягляд Эўропы» — сямігадовая дасьледчая праграма ЭЗ. Яе фінансаваньне складае каля 100 мільярдаў эўра. Мэты праграмы — вырашэньне глябальных праблем і спрыяньне мадэрнізацыі прамысловасьці.

Праграма «Творчая Эўропа» накіравана на разьвіцьцё культурнай і творчай індустрыі ў эўрапейскіх краінах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцэ-прэм’ерка Ўкраіны: «Пакуль я ня бачу вялікай гатоўнасьці NATO адбіць вайсковую агрэсію Расеі»

Яшчэ адной важнай тэмай саміту Ўкраіна-ЭЗ стала абмеркаваньне магчымых сцэнароў паставак газу з ЭЗ ва Ўкраіну. «Я разумею заклапочанасьць з нагоды паставак газу, і Эўрапейская камісія разам з украінскімі экспэртамі ў цяперашні час вывучае розныя сцэнары, як забясьпечыць дастатковыя пастаўкі ва Ўкраіну», — сказала ў Кіеве Урсуля фон дэр Ляен, кіраўніца Эўракамісіі. Адным з магчымых сцэнароў можа быць рэвэрсная пастаўка газу з тэрыторыі Славаччыны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экс-прэзыдэнт Расеі параўнаў прэзыдэнта Ўкраіны з габрэйскімі інтэлігентамі, якія з ідэйных прычынаў папрасіліся б на службу ў СС