Санкцыі супраць Беларусі вымусілі Літву спыніць праект рэканструкцыі чыгункі за 60 млн эўра

Літоўская чыгунка, таварны лякаматыў

Літоўская чыгунка адклала праект рэканструкцыі ўчастка Плунге-Шацейкяй коштам амаль 60 млн эўра.

Прычынай адмовы называецца геапалітычная сытуацыя і санкцыі ў дачыненьні да Беларусі, паведамляе агенцтва Delfi.

«Геапалітычная сытуацыя з-за санкцый Эўразьвязу і ЗША для Беларусі змушае нас перагледзець інвэстыцыйную аддачу некаторых праектаў», — сказаў генэральны дырэктар інфраструктурнай кампаніі LTG Infra Караліс Санкаўскіс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва спыніць транзыт прадукцыі «Беларуськалію» са сьнежня з прычыны санкцый ЗША супраць Беларусі

У сувязі з увядзеньнем заходніх санкцый у дачыненьні да прадпрыемства «Беларуськалій» у Літве ад сьнежня чакаюць скарачэньня аб’ёмаў перавозак калійнай прадукцыі.

LTG Infra мае намер скасаваць падпісаныя ў канцы 2019 году кантракт на 56,5 мільёнаў эўра з кампаніяй Kauno tiltai, якая павінна была рэканструяваць блізу паўтара дзясятка кілямэтраў шляхоў, масты, пераходы, стрэлкі, пераезды, а таксама мадэрнізаваць станцыі Плунге і Шайцейкяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта выглядае вельмі маштабна». Як новыя санкцыі паўплываюць на беларускую эканоміку

У выніку рэалізацыі праекту хуткасьць пасажырскіх цягнікоў магла , павялічыцца да 160 км / г, а грузавых — да 120 км / г.