МУС Нямеччыны пацьвердзіла, што вядзе расьсьледаваньне адносна арганізатараў нелегальнай міграцыі зь Беларусі

На полська-беларускай мяжы

Міністэрства ўнутраных спраў Нямеччыны пацьвердзіла, што нямецкія ведамствы вядуць расьсьледаваньні ў дачыненьні да меркаваных арганізатараў міграцыйнага крызісу на ўсходзе Эўразьвязу, але не прывяло дэталяў і не згадала пра Лукашэнку.

Пра гэта паведамляюць «РИА Новости».

Раней паведамлялася, што ў Нямеччыне расьсьледуюць дачыненьне Аляксандра Лукашэнкі да перакідваньня нелегальных мігрантаў у ЭЗ.

Напярэдадні нямецкія ўлады заявілі аб магчымым дачыненьні прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі да перакіданьня нелегальных мігрантаў на мяжу з краінамі Эўразьвязу і заняліся расьсьледаваньнем, паведамляла Bild am Sonntag.

Паводле выданьня, Лукашэнка такім чынам «хоча шантажаваць ЭЗ з мэтай адмены санкцый». З пачатку жніўня ў Нямеччыну зь Беларусі незаконна перабраліся ўжо амаль чатыры тысячы мігрантаў, заявілі ў фэдэральнай паліцыі ФРН.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Новыя інцыдэнты на беларуска-польскай мяжы: палякі гавораць пра спробы прарыву, беларусы — пра стрэлы

Уцекачы прыбываюць на беларускую тэрыторыю з Іраку, ААЭ, Лібана, Ярданіі, Турэччыны і Сырыі. Затым, паводле праваахоўнікаў, мігранты нібыта плацяць беларускім памежнікам чатыры тысячы эўра за садзейнічаньне ў перасячэньні мяжы.

У пачатку верасьня прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда даручыў ўвесьці рэжым надзвычайнага становішча на мяжы зь Беларуссю з прычыны росту колькасьці нелегалаў з краін Паўночнай Афрыкі і Блізкага Ўсходу. Аналягічныя крокі зрабілі ўлады Літвы і Латвіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Для Лукашэнкі няма шляху назад». Што кажуць на міжнароднай канфэрэнцыі ў Нюрнбэргу

Кіраўнік Беларусі заяўляў, што пасьля уведзеных Захадам супраць Менску санкцый у краіны больш няма «ні грошай, ні сіл» стрымліваць паток мігрантаў у Эўропу.