Сыстэма АРІП пачала прадаваць зьвесткі пра сваіх кліентаў

Ілюстрацыйнае фота

Нябанкаўская крэдытна-фінансавая арганізацыя «АРІП» (Адзіная разьліковая і інфармацыйная прастора) афіцыйна пачала прадаваць зьвесткі аб сваіх кліентах.

Адпаведнае паведамленьне разьмешчана на сайце арганізацыі. У ім пазначана, што АРІП аказвае новыя паслугі — прапаноўвае дадзеныя аб кліентах і аўтэнтыфікацыю фізычных асобаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік КДБ папярэдзіў мясцовых чыноўнікаў, што замежныя спэцслужбы зьбіраюць інфармацыю на іх сваякоў

У арганізацыі тлумачаць, што прадаваць зьвесткі кліентаў будуць для «абнаўленьня і актуалізацыі дадзеных розных структур». Купіць інфармацыю пра карыстальнікаў сыстэмы змогуць банкі, крэдытна-фінансавыя арганізацыі (акрамя тых, якія аказваюць касава-інкасатарскія паслугі), Банк разьвіцьця Рэспублікі Беларусь ды іншыя асобы, што ажыцьцяўляюць фiнансавыя апэрацыi.

За доступ да базы на месяц трэба заплаціць 1 710 рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Фактар стрыманьня для сілавікоў». Экспэрт лічбавай бясьпекі пра наступствы ўзлому пашпартнай сыстэмы Беларусі

Аўтэнтыфікацыю або вэрыфікацыю фізычных асобаў будуць праводзіць з дапамогай міжбанкаўскай сыстэмы ідэнтыфікацыі (МСІ) з выкарыстаньнем біямэтрычных дадзеных у дыстанцыйных каналах. Такая паслуга даступная суб’ектам МСІ.